Вінцук Вячорка: Праваабарончы цэнтар "Вясна" быў створаны ў 1996, у патрэбе дапамагаць пацярпелым ад лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў пасьля масавых веснавых акцыяў 25 Сакавіка й "Чарнобыльскага шляху". Таму пачатная назва ініцыятывы - "Вясна-96".
Вясьне - 10 гадоў!
"Згінулі сьцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей ня мерзьне душа ні адна..."
Янка Купала. "Вясна"
Праваабарончы цэнтар "Вясна быў створаны ў 1996, у патрэбе дапамагаць пацярпелым ад лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў пасьля масавых веснавых акцыяў 25 Сакавіка й "Чарнобыльскага шляху". Таму пачатная назва ініцыятывы - "Вясна-96".
На жаль, дыктатура ў Беларусі застаялася надоўга. Цяпер гэта проста "Вясна", адна з найбольш паважаных, вядомых, эфэктыўных групаў абароны правоў чалавека, якая мае агульнабеларускую структуру. Тысячы людзей удзячныя "Вясьне" за дапамогу ў бядзе, за тое, што "вясноўцы" сталі поруч.
Прычына эфэктыўнасьці працы "Вясны" вельмі простая. "Вясноўцы" - сьвядомыя людзі, маюць у душы беларускія каштоўнасьці. Яны ў цэнтры падзеяў, яны бясстрашна бароняць ад рэпрэсіяў людзей рознай партыйнай і арганізацыйнай прыналежнасьці, не зазіраючы ў іхныя анкеты, і тым самым адстойваюць свае ўласныя перакананьні: Беларусь павінна быць і абавязкова будзе свабоднай, дэмакратычнай, сапраўды незалежнай і паважанай у сьвеце краінай.
Калі Міністэрства юстыцыі належным чынам ацаніла дзейснасьць "Вясны" й фармальна яе зачыніла, "вясноўцы" - як нямногія іншыя - гучна грукнулі дзьвярыма, учыніўшы сядзячы страйк у залі Вярхоўнага суду. Іх выносілі на руках.
"Вясна" - надзейная, аб’ектыўная, прынцыповая крыніца інфармацыі аб правах чалавека ў нашай краіне для дэмакратычнага сьвету. Электронная рассылка, бюлетэнь "Права на волю", штогадовыя "Агляды-хронікі парушэньняў правоў чалавека" ў некалькіх моўных вэрсіях - ладны кавалак працы. "Вясна" ацэненая ня толькі ў Беларусі, чаму доказам некалькі аўтарытэтных міжнародных узнагародаў і прэміяў. Гэта дзякуючы вам, адважным "вясноўцам", беларускае слова Viasna стала вядомым у шырокім сьвеце як сынонім барацьбы беларусаў за чалавечую годнасьць, за праўду й свабоду.
Віншуючы "Вясну" зь юбілеем, зычачы сябрам усялякіх памыснасьцяў, жадаю і "вясноўцам", і ўсім нам наблізіць той радасны дзень, калі Беларусь стане вольнай краінай.
Вінцук Вячорка