Удзельнікаў пікету супраць будаўніцтва АЭС караюць штрафамі
У судзе Фрунзенскага раёна Менска працягваюцца суды над затрыманымі 25 красавіка ўдзельнікамі пікету супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Ягора Яромчанку, Алену Вітко, Сяргея Слюсара, Ігара Багачыка пакаралі штрафам у памеры 15 базавых велічынь (525 000 рублёў), Аляксандра Бугаёва на 20 б.в. У суд таксама прывезлі затрыманага днём каля будынку суда Ігара Трухановіча, на якога быў таксама складзены пратакол.
Грамадзян Германіі таксама пачалі караць штрафамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Акрамя таго, па неправеранай інфармацыі, пасьля судоў іх адвязуць у Фрунзенскі РУУС, дзе супрацоўнікі пашпартна-візавой службы будуць прымаць рашэньне пра магчымасць іх далейшага знаходжаньня ў Беларусі. У судзе знаходзіцца супрацоўнік консульскай службы амбасады Германіі ў Рэспубліцы Беларусь.
Грамадзянка Нямеччыны Гюдэ Хансан сваю віну ў судзе не прызнала. Калі адвакатка спыталася сьведкаў-міліцыянтаў, на якой мове Хансан выкрыквала лёзунгі, міліцыянты сказалі, што ня памятаюць. Адвакатка прасіла апраўдаць падабаронную, бо доказаў яе віны ў судзе не ўстаноўлена. Аднак судзьдзя Сьвятлана Місуна аштрафавала дзяўчыну на 700 тысяч рублёў. Гюдэ Хансан згадвае, што падчас затрыманьня не былі патлумачаныя юрыдычныя падставы і не было належнага перакладу:
"Нас амаль што не кармілі і не было чаго піць. Спальныя месцы былі вельмі дрэнныя, драўляныя нары. На іх можна было толькі ляжаць, не было покрыўкі. Было вельмі халодна і немагчыма было спаць", - паведамляе падрабязнасьці Радыё "Свабода".