“Рэальная мяжа з Расеяй – абарона Беларусі ад атыповай пнэўманіі” – адпаведная заява прынятая Соймам Партыі БНФ
Заява Сойму Партыi БНФ
17 траўня 2003 г.
РЭАЛЬНАЯ МЯЖА З РАСЕЯЙ - АБАРОНА БЕЛАРУСI АД АТЫПОВАЙ ПНЭЎМАНII
Небясьпека прыходу хваробы SARS у Беларусь цалкам рэальная. Для процiстаяньня ёй неабходныя хуткiя, супольныя й высокапрафэсiйныя дзеяньнi дзяржавы й грамадзтва. Партыя БНФ высока ацэньвае апэратыўнае стварэньне базаў для лекаваньня атыповай пнэўманii ва ўсiх рэгiёнах краiны, а таксама супольныя вучэньнi мэдыкаў, эпiдэмiёлягаў, чыгуначнiкаў разам з мытнымi, памежнымi й мiлiцэйскiмi структурамi, якiя адбылiся ў Берасьцi 16 траўня й мелi на мэце выпрацаваць дзеяньнi на выпадак пранiкненьня ў Беларусь заражаных асобаў. Не сумняваемся, што прафэсiяналы з адпаведных ведамстваў плянуюць адэкватныя захады для процiстаяньня сьмяротнай небясьпецы, i спадзяемся, што Беларусь атрымае з Усясьветнай арганiзацыi аховы здароўя рэагенты для лябараторнай дыягностыкi SARS.
Разам з тым Партыя БНФ выказвае вялiкую заклапочанасьць тым, што намаганьнi нашых спэцыялiстаў застануцца марныя, калi кiраўнiцтва краiны i надалей будзе гуляць у геапалiтычныя гульнi, замест баранiць народ ад рэальнай небясьпекi. Эпiдэмiёлягi сьцьвярджаюць, што пагроза
пранiкненьня вiрусу SARS найбольш рэальная з усходу. Сапраўды, вiрус найбольш пашыраны ў краiнах Паўднёва-Ўсходняй Азii, жыхары якiх у асноўнай сваёй масе трапляюць у Беларусь праз Расею (у тым лiку як нелегальныя мiгранты). Гэтаксама Расея, якая непасрэдна мяжуе з ахопленым эпiдэмiяй рэгiёнам, знаходзiцца пад пагрозай пранiкненьня пошасьцi на сваю тэрыторыю. Таму й вучэньнi ў Берасьцi адбывалiся на падставе сцэнара, паводле якога хворая жанчына трапiла ў Беларусь на цягнiку з Расеi.
Вiдавочна, што без надзейнага санiтарнага кантролю на нашай усходняй мяжы ўхiлiцца ад вiруснай бяды немагчыма. Але ва ўгоду палiтычным гульням цяперашняга беларускага кiраўнiцтва некалькi гадоў таму дзяржаўная мяжа з Расеяй фактычна была скасаваная, i ў нашу краiну з усходняга боку можа бескантрольна ўяжджаць кожны. У лепшым выпадку прыежджыя трапляюць пад кантроль пасьля перасячэньня ўсяе нашае краiны -- на заходняй цi паўночнай мяжы Беларусi. Тое самае датычыць бальшынi тавараў дробнага гандлю, якiя часта маюць кiтайскае паходжаньне. Партыя БНФ таксама выказвае зьдзiўленьне, што беларускя студэнты, якiя вучацца ў Кiтаi, дагэтуль ня вернутыя на Бацькаўшчыну з захаваньнем усiх неабходных засьцерагальных захадаў.
Дзеля забесьпячэньня здароўя беларускага народу Партыя БНФ заклiкае ўрад Беларусi неадкладна ўзнавiць поўнамаштабны памежны, мытны, а на iх аснове -- санiтарны кантроль на мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй. Неабходна ўладкаваць дыягнастычныя й карантынныя службы на базе памежных пераходаў, як гэта ўжо зроблена ў суседняй Украiне. Пытаньнi фiзычнага выжываньня нашага народу не павiнны залежаць ад палiтычнае кан'юнктуры.