viasna on patreon

У Віцебску гатовыя выйсці на несанкцыянаваную “чарнобыльскую” акцыю

2011 2011-04-25T11:38:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-zeliapau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя актывісты падавалі заяўку  на  правядзенне акцыі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ва ўскраінным  Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Атрымаўшы адмову, яны вырашылі сабрацца ўвечары 26 красавіка  ў цэнтры Віцебску  на плошчы Свабоды.

Каардынатар руху “За свабоду” у Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў (на фота) распавёў, што віцебскія актывісты мелі намер правесці мітынг – выказаць салідарнасць з пацярпелымі ў выніку аварыі на АЭС  у Японіі і ўшанаваць памяць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС:

“У адказ на нашу заяўку мы атрымалі адмову з адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Маўляў, мы не заключылі дамову з ЖКГ, каб забяспечыць парадак на месцы мітынгу. Ведаючы з ранейшага досведу, што ў нас запатрабуюць дамовы наконт аховы правапарадку, мэдычнае абслугоўванне і паслугаў ЖКГ, мы правялі перамовы з кіраўніцтвам гэтых структур. Адказныя асобы патлумачылі, што дамовы з намі заключаць толькі пасля атрымання дазволу на  мерапрыемства. Пра гэта мы склалі адмысловы ліст у раённую адміністрацыюі: мы гатовыя  заключаць усе неабходныя дамовы, але найперш з нас патрабуюць дазвол! Але нам адмовілі, зноў накіраваўшы па “зачараваным коле”.

Два месяцы таму віцебскія дэмакратычныя актывісты  звярталіся ў Віцебскі гарвыканкам, каб памяняць парадак атрымання дазволаў на акцыі -- каб у раённых адміністрацыях не патрабавалі дамоваў, якіх папярэдне заключыць немагчыма. Але з гарвыканкаму адказалі, што гэтае рашэнне ўнесена ў Нацыянальны рэестр прававых актаў, прайшло экспэртызу на адпаведнасць сучаснаму беларускаму заканадаўству , і таму перагляду не падлягае.

“Такім чынам, дэмакратычную грамадскасць Віцебска ўвогуле пазбавілі магчымасцяў праводзіць любыя акцыі. Бо прычына адмовы закладзена ў ранейшым рашэнні гарвыканкаму”, -- гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.

 Таму віцебскія актывісты  вырашылі праводзіць 26 красавіка жалобную акцыю ў любым выпадку, нават без дазволу ўладаў. Землякоў запрасілі сабрацца ў 17.30 на плошчы Свабоды, каб разам прыняць зварот да урадаў Расіі і Беларусі пра небяспеку будаўніцтва новай Астравецкай  АЭС.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства