viasna on patreon

Пасля затрымання падазраваных у тэракце 11 красавіка – маштабныя праверкі ў Віцебску

2011 2011-04-21T11:04:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybuh-metro.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Правяраюць навучальныя установы, дзе вучыліся ўраджэнцы Віцебску – меркаваныя арганізатары тэракту ў мінскім метро, а таксама прадпрыемствы, дзе яны працавалі. Вынікі праверак – звальненні і вымовы.

 

Маштабная праверка чакаецца ў сярэдняй школе №35, дзе вучыліся двое затрыманых.

 

-- Будуць правяраць, як вядзецца выхаваўчая работа, як справы з ідэалогіяй. І няважна, што тыя затрыманыя скончылі школу амаль 10 год таму, -- правераць і ранейшнае, і цяперашняе. І не толькі ў той школе, дзе яны вучыліся, а ва ўсіх. Прычым у нас, як правіла, задача праверак – не пацьвердзіць, што ўсе добра, а давесці, што ўсе робіцца дрэнна, і кагосці абавязкова пакараць, -- скардзіцца настаўніца адной з віцебскіх школ.

 

Са звестак і інтэрнэце вынікае, што прынамсі двое з затрыманых хлопцаў атрымалі ў свой час сярэднюю спецыяльную адукацыю. Праверку ўстаноў прафтэхадукацыі  праводзіла пракуратура, і ўжо вядомыя вынікі: узровень прафілактыкі правапарушэнняў  прызнаны нізкім. Удзельнікі праверкі звярнулі ўвагу на рост злачыннасці сярод падлеткаў - яны здзяйсняюць крадзяжы і рабаўніцтвы, іх неаднаразова затрымліваюць у нецвярозым стане, зафіксаваныя асацыяльныя паводзіны ў сем’ях.

 

Правяраюць і прадпрыемства, дзе працавалі затрыманыя – віцебскі завод трактарных дэталяў. Падрабязнасці гэтай праверкі чамусці не агучваюцца, таму па горадзе ходзяць разнастайныя чуткі – ад таго, што на заводзе ў нейкай шафе знайшлі “кавлачак выбухоўкі” да таго, што разам звольнілі ўсю адміністрацыю.

 

Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра затрыманых і іх датычнасьць да тэракту з СМІ няма, Віцебск поўніцца разнастайнымі чуткамі, якія трапляюць у тым ліку і да журналістваў, правакуючы ўсе новыя сенсацыі ў прэсе і інтэрнэце. Ва ўстановах і арганізацыях горада праводзяцца прафілактычныя гутаркі з супрацоўнікамі – каб не размаўлялі на “склізкія тэмы” з пабочнымі асобамі і не дзяліліся звесткамі  пра затрыманых “ураджэнцаў Віцебску” з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства