СМІ Салігоршчыны вярнуліся ў культурніцка-калгаснае “гета”
Агляд публікацый і матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі Салігорскага
рэгіёна ў паслявыбарчы перыяд дазваляе канстатаваць вяртанне дзяржаўных і
праўладных СМІ у “гета” культурніцка-калгаснай тэматыкі.
Афіцыйная выканкамаўская газета “Шахцёр” ніколі не вылучалася друкам артыкулаў
з меркаваннем альтэрнатыўным пазіцыі цяперашніх уладаў. Захоўвалася гэткая
тэндэнцыя і пад час апошняй выбарчай кампаніі. Тым не менш, выбары прэзідэнта
прымусілі газету час ад часу змяшчаць матэрыялы выбарчай тэматыкі ды афіцыйныя
рашэнні, датычныя выбараў. Завяршэнне выбарчай гонкі 19 снежня і брутальны
разгон мітынгу ў Мінску сталі пачаткам чарговай палітычнай напругі ў краіне,
але ж са старонак “Шахцёра” зніклі нават тыя мінімальныя прыкметы
грамадска-палітычнага жыцця рэгіёну, якія можна было назіраць у перадвыбарчы
перыяд.
Прыкладна тое ж можна назіраць і ў працы мясцовага тэлеканала “СТК”.
Перыядычныя грамадска-палітычныя рэпартажы перадвыбарчага перыяду былі цалкам
заменены зводкамі з палёў ды паведамленнямі аб спаборніцтвах аператараў
машыннага даення. Падобна на тое, што супрацоўнікі газеты “Шахцёр” і
Салігорскага тэлеканала ўзялі на ўзбраенне даклад Алены Яловік для студэнтаў БДУ аб змяншэнні
колькасці негатыўных навінаў і пачалі “лакіраваць рэчаіснасць”.
Бадай адзінай альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі пра грамадска-палітычныя
падзеі ў рэгіёне з’яўляецца сайт САЛІГОРСК.org. Тут стала з’яўляюцца праваабарончыя навіны
ды крытычныя артыкулы без цэнзуры. З завяршэннем выбарчай кампаніі колькасць
вострых матэрыялаў на актуальныя тэмы на сайце абсалютна не зменшылася. Але ж
рэсурс гэты даступны, натуральна, выключна для карыстальнікаў інтэрнэта.
Жыхарам рэгіёна, да якіх усеагульная інтэрнэтызацыя яшчэ не дайшла, можна
параіць набываць незалежную газету “Інфа-Кур’ер”, якую цяжка абвінаваціць у
неаб’ектыўнасці ці непрафесіяналізме. Але ж трэба прызнаць, што статус
афіцыйна-зарэгістраванага выдання з завяршэннем перадвыбарчай лібералізацыі
прымусіў газету вярнуцца да больш жорсткай самацэнзуры. Вострыя пытанні
палітычнага характару сталі з’яўляцца нас старонках газеты значна радзей.
Даволі папулярная на Салігоршчыне прыватная газета “Лидер Пресс”, а таксама
буйнейшы незалежны сайт гораду “Электронный Солигорск” сваю інфармацыйную
палітыку ні пад час выбараў, ні пасля іх не змянялі. Выбары, як і паслявыбарчыя
падзеі, гэтыя інфармацыйныя рэсурсы наўпрост праігнаравалі. Можна было б
здзівіцца значнай папулярнасці гэтых інфармацыйных крыніц, але ж варта канстатаваць
змену іх функцыі як паўнавартасных СМІ на газету прыватных абвестак і сайт
гарадскіх даведак.
Аналізуючы працу ўсіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, можна заўважыць
наступную абумоўленасць - чым вышэй залежнасць сродку масавай інфармацыі ад
дзяржавы, тым менш крытычных і аб’ектыўных матэрыялаў у ім можна зайсці.
Паслявыбарчае “закручванне гаек” толькі ўзмацніла гэтую абумоўленасць.
“Праваабарончая хроніка”