viasna on patreon

Крычаўскага журналіста пракурор папярэдзіў за артыкул пра тэракт

2011 2011-04-19T11:38:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рэдактару незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргею Няроўнаму пракурор Крычаўскага раёну вынес афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сфэры парадку кіраваньня. Нагодай для папярэджаньня стаў артыкул журналіста «Чорныя дні». Ён прысьвечаны тэракту ў Менску 11 красавіка.

У віну Сяргею Няроўнаму пракурор Уладзімер Дзюбайла выставіў распаўсюд у газэце непраўдзівых зьвестак пра ход расьсьледаваньня тэракту, а таксама інфармацыі, якая ўтрымлівае паклёп і зьняважлівыя выказваньні на адрас кіраўнікоў дзяржаўнай улады. Публікацыя, як сьцьвярджаецца ў папярэджаньні, скіраваная на «дыскрэдытацыю праваахоўных органаў, беларускай дзяржавы й грамадзтва».

Сяргей Няроўны заяўляе, што з папярэджаньнем не згаджаецца і будзе яго абскарджваць у пракурора вобласьці.

«Відавочна, што пракурор выконвае агульны загад супраць журналістаў, якія спрабуюць асьвятляць ход расьсьледаваньня тэракту з усіх бакоў. Мы не рабілі нумар газэты „крывавым“, з фатаздымкамі ахвяраў, мы проста выказалі меркаваньне адносна затрыманых, якіх абвінавачваюць ва ўчыненьні тэракту, каб яны былі сапраўды тымі, хто зьдзейсьніў злачынства, а не чарговымі „стрэлачнікамі“. Мы таксама выказаліся адносна заяў кіраўніка дзяржавы пра „пятую калёну“. Лічым, што такія заявы недапушчальныя. Я пракурору й сказаў, што ўлада выкарыстоўвае тэракт, каб прыціснуць журналістаў. Павыносіць ім цяпер папярэджаньняў, а потым ужо выкарыстоўваць гэта, каб караць за крытыку мясцовага чынавенства, ніяк не зьвязаную з тэрактам. То бок выкарыстоўваюць тэракт у сваіх палітычных мэтах», зазначае Сяргей Няроўны.

У лісьце з папярэджаньнем гаворыцца, што ў выпадку паўторнага парушэньня заканадаўства Сяргей Няроўны будзе прыцягнуты да адказнасьці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства