Магілёў наведалі прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі
14 красавіка Магілёў наведалі прадстаўнікі доўгатэрміновай Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Яны сустрэліся з мясцовымі праваабронцамі і дэмактывістамі.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з правамі чалавека ў Магілёве. Асобная ўвага была нададзена пытанню адсутнасці зарэгістраванай незалежнай прэсы ў горадзе. Паколькі ў складзе Місіі працуюць прадстаўнікі з Расіі, то была магчымасць параўнаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і Расіі.
Трэба адзначыць, што прадстаўнікі Місіі ўваходзяць у Раду па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. Рада сустракаецца з прэзідэнтам Расіі два разы на год. Пазіцыя Расіі датычна падзеяў 19 снежня ў Беларусі, якая была агучана Дзмітрыем Мядзведзевым, была сфармаваная пры дапамозе сябраў Камітэта міжнароднага кантролю і персанальна расійскага праваабаронцы Сяргея Крывенкі.
Нагадаем, што Місія пачала сваю працу 27 снежня - як рэакцыя грамадскіх арганізацый на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў і да гэтага часу бесперапынна знаходзіцца ў нашай краіне. Місія дзейнічае па даручэнні Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у які ўваходзяць міжнародныя і нацыянальныя недзяржаўныя арганізацыі і групы краін прасторы АБСЕ. У Міжнароднай назіральнай місіі працуюць праваабаронцы і грамадскія актывісты з краін АБСЕ.
“Праваабрончая хроніка”