У Бабруйску пачалі збіраць подпісы пад зваротам супраць будаўніцтва АЭС
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл горада Бабруйска 13 красавіка пачалі збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Таксама ў звароце прапаноўваецца абмежаваць доступ усіх відаў радыёактыўных рэчываў на тэрыторыю нашай краіны.
Пра антыядэрную ініцыятыву бабруйскіх дэмакратаў распавядае каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” у горадзе Алена Мядзведзева:
- У зборы подпісаў пад зваротам аб спыненні будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў нашай краіне будуць удзельнічаць усе мясцовы суполкі палітычных партый і арганізацый, якія ўваходзяць у Раду дэмакратычных сіл Бабруйскага рэгіёна. Гэта наша агульнае рашэнне, якое мы прынялі супольна. Мы лічым абсалютна немэтазгодным ажыццяўляць будаўніцтва АЭС у Беларусі, якая да гэтага часу не адыйшла ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.Так званы мірны атам вельмі небяспечны, гэта ў чарговы раз даказала аварыя на японскай атамнай электрастанцыі “Фукусіма – 1”.
Па словах Алены Мядзведзевай, акрамя збору подпісаў пад зваротам, бабруйскія дэмакратычныя актывісты рыхтуюцца да распаўсюду шэрагу разнастайных матэрыялаў антыядэрнай тэматыкі.
- Таксама мы чакаем адказу на заяўкі, якія падалі ў Бабруйскі гарвыканкам на правядзенне пікета да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС сябры нашай Рады Віктар Бузінаеў з АГП і Віктар Секержыцкі з “Справядлівага свету”. Калі мяцовыя ўлады правядзенне пікета дазволяць, то ўдзел у ім прымуць прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных арганізацый Бабруйска.
“Праваабарончая хроніка”