viasna on patreon

У Гомелі - першы штраф за адмову ад дактыласкапіі

2011 2011-04-13T13:14:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vasil_paliakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні АГП  Васіль Палякоў

Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў

13 красавіка суддзя Савецкага раёна Гомеля Галіна Сыцько пакарала старшыню Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова штрафам у памеры 25 базавых велічынь (875 тыс. рублёў) за адмову прайсці дактыласкапію. Варта заўважыць, што адмова ад дактыласкапіі не з'яўлецца адміністратыўным првапарушэннем, то бок КаАП не прадугледжвае адказнасці за такія дзеянні, як і закон аб дактыласкапіі. Таму Васіль Палякоў быў пакараны па артыкуле 23.4 КаАП – за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

На судзе старшыня абласной арганізацыі АГП патлумачыў сваю пазіцыю: ён адмовіўся прымусова праходзіць працэдуру дактыласкапіі, бо лічыць яе, па-першае, дыскрымінацыйнай, па-другое, у законе аб дактыласкапіі і КаАП няма адказнасці за адмову здаць адбіткі пальцаў, па-трэцяе, у міліцыі няма адмысловых прыладаў для такой працэдуры.

«Пальцы мажуць тыпаграфскай фарбай, і ніхто не ведае, які ўплыў яна можа аказаць на здароўе. Валік, якім мажуць пальцы, не змяняецца, таму невядома, хто ім карыстаўся да мяне, і якія інфекцыйныя захворванні можна атрымаць праз той валік», - адзначыў на судзе палітык.

Тым не менш, суддзя палічыла, што грамадзянін вінаваты ў парушэнні артыкулу 23.4 КаАП і прыцягнула яго да штрафу. Васіль Палякоў не згодны з рашэннем суда і будзе яго абскарджваць у вышэйшай інстанцыі.

Таксама на паседжанні суддзя адхіліла хадайніцтва Палякова аб тым, каб ён мог карыстацца дапамогай грамадскага прадстаўніка, у якасці якога быў гатовы выступіць юрыст Леанід Судаленка. Васіль Палякоў лічыць, што суддзя такім чынам парушыла артыкул 62 Канстытуцыі, у якім гаворыцца аб тым, што грамадзяне маюць права на юрыдычную дапамогу ў судзе, у тым ліку і з дапамогай сваіх прадстаўнікоў.

“Праваабарончая хроніка”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства