Супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну затрымалі сяброў незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Зубр" на плошчы Якуба Коласа
Удзельнікі сакавіцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы Вольга Сакалова, Лера Хоціна, Сяргей Кулінчанка, Аляксей Мікульчык і Грышчэня Яраслаў былі затрыманыя міліцыяй на плошчы Якуба Коласа. Увагу міліцыянтаў прыцягнулі банданы з сімволікай Еўрасаюзу і джынсавыя стужкі. Спачатку іх адвялі ў апорны пункт міліцыі №92, а потым у Савецкі РАУС. У Вольгі Сакаловай знайшлі адзін бюлетэнь "Дзень Волі", адну ўлётку з паведамленьнем пра Чарнобыльскі шлях, дзьве газэты "Глоток воздуха" і налепку "Достал!", за што на яе склалі пратакол па арт.172 ч.3 КаАП - распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных, пасьля чаго ўсіх адпусьцілі. Як пракаментавала сама Вольга: "Гэта проста сьмешна - тры газеты, улётка і налепка - які ж гэта распаўсюд? Я проста ўзяла пачытаць".
Крыху пазьней супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзеля высьвятленьня асобаў моладзевых актывістаў Міхаіла Ліцьвінава і зноў Аляксея Мікульчыка, якіх пасьля праверкі дакументаў таксама адпусьцілі.