Прысуд Максіму Анцыповічу пакінуты ў сіле
Магілёўскі абласны суд пад старшынствам суддзі Уладзіміра Навітанюка 12 красавіка разгледзеў касацыйную скаргу Максіма Анцыповіча, які быў пакараны штрафам за ўдзел у неснкцыянаваным пікеце ў Магілёве яшчэ 16 студзеня.
Нагадаем, што 8 лютага за ўдзел у пікеце магілёўскія актывісты Валянцін Лабачоў і Сяргей Нягацін атрымалі ў судзе Ленінскага раёна 7 і 5 сутак адпаведна, шматдзетная маці Наталля Шкадун была папярэджана судом.
Пратаколы на ўсіх трох былі складзены пасля пікету салідарнасці, які прастаяў 16 студзеня ўсяго 10 хвілін.
Толькі 10 сакавіка ў Магілёўскі абласны суд пададзена яшчэ і чацвёртая скарга ад удзельніка пікета салідарнасці 16 студзеня – студэнта гістфака Магілёўскага дзяржуніверсітэта Максіма Анцыповіча. Максіма “вылічылі” пазней за астатніх і асудзілі толькі 3-га сакавіка (ён пакараны штрафам у 15 базавых велічыняў – 525 тысяч рублёў). Паводле дзеючага заканадаўства, суд павінен быў разгледзець скаргу на працягу месяца, аднак паседжанне адбылося з парушэннем прадугледжанага тэрміну на два дні.