Міліцыя вярнула рэчы, канфіскаваныя пры вобыску, але пакінула сабе дарагія ноўтбукі
8 красавіка гомельскія міліцыянеры вярнулі аднаму з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», вядомаму грамадскаму дзеячу і навукоўцу Юрыю Варонежцаву рэчы і грошы, канфіскаваныя пры вобыску 18 мая 2010 года. У той дзень, праводзячы вобшук, міліцыянеры забіралі ўсе, што траплялася на вочы: носьбіты інфармацыі, буклеты, кнігі, мабільныя тэлефоны, мапу Еўразвязу, статут АГП. Адных кніг ды буклетаў было канфіскавана каля 8 кг.
Забралі падчас вобшуку і грошы — каля 5 тыс. даляраў, якія, дарэчы, належылі жонцы навукоўца, Ларысе Варонежцавай. Жанчына прайшла некалькі судовых інстанцый, пісала скаргі ў Генеральную пракуратуру, следчыя аддзелы, суд, але так і не змагла вярнуць свае грошы.
Але цікавая акалічнасць — гомельскія міліцыянеры вярнулі старыя камп'ютары Варонежцава, а два дарагія по коштах ноўтбукі недзе прапалі, прычым адзін з іх быў новы, і ніякой інфармацыі, якая магла б зацікавіць следчых, на ім не было. «Следчы з Мінска даў загад вярнуць мае рэчы, і ў яго распараджэнні на вяртанне рэчаў ноўтбукі ёсць, у пратаколе вобшука яны таксама ёсць, а вось у наяўнасці іх няма. Проста зніклі недзе ў міліцэйскай сістэме. Гомельскія ж міліцыянеры, якія вярталі рэчы, кажуць, што не ведаюць, куды дзеліся ноўтбукі», - пракаментаваў Юрый Варонежцаў.
Ён у той жа дзень, 8 красавіка, накіраваў заяву на імя начальніка аддзела следчага ўпраўлення ГУУС Мінгарвыканкама Анатоля Сукалы. У заяве Варонежцаў просіць прыняць прадугледжаныя заканадаўствам меры для вяртання яму маёмасці, у прыватнасці, ноўтбукаў HP і MacBooc, якія зніклі таямнічым чынам.
“Праваабарончая хроніка”