У родных і блізкіх актывістаў грамадзкай арганізацыі "Партнёрства", якія знаходзяцца за кратамі сьледчага ізалятара КДБ, пачаліся цяжкасьці з ліставаньнем
Перапынкі ў ліставаньні час ад часу здараліся ва ўсіх чатырох сябраў грамадзкай арганізацыі "Партнёрства", арыштаваных 21 лютага.
Маці Мікалая Астрэйкі Яўгенія распавяла радыё Свабода: "Быў перыяд пэўны - мы не атрымлівалі лістоў паўтара тыдні. А потым атрымалі адразу кучу".
Большасьць лістоў сваякі Мікалая Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі, Эніры Браніцкай і Цімафея Дранчука пакідаюць адмыслова ў скрыні №8 на Галоўным паштамце. Валеры Дранчук, бацька Цімафея, мяркуе, можа мець месца канфлікт беларускай і расейскіх моваў: "Так званы чытальнік - я ня ведаю як называюцца тыя прафэсіі, якія там цэнзуруюць лісты - у яго была вялікая праблема з беларускай мовай. І ён быў у вялікай прэтэнзіі да Цімафея - маўляў, чаму бацька піша лісты па-беларуску?"
Жонка Цімафея Вольга Анцыповіч, якая мела спатканьне з ім днямі, пацьвердзіла, што моўны канфлікт працягваецца. У пэўныя дні лісты Цімафея да сваякоў зьнікаюць. Таму пасьля таго, як зьмяніліся цэнзары, ён мусіць дубляваць зьмест папярэдняга ліста - у наступным. Вольга лічыць, што сытуацыя зь неўпарадкаваным ліставаньнем - гэта форма маральнага ціску на актывістаў арганізацыі: "Тое, што ён піша ліст, і ў яго няма ніякай упэўненасьці, што гэты ліст дойдзе - гэта таксама форма маральнага ціску на Цімафея, на тых, хто знаходзіцца за кратамі, бо гэта вельмі складана: калі са сваякамі не маеш ніякай сувязі".
Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што мэтады псыхалягічнага ўзьдзеяньня на Астрэйку, Браніцкую, Дранчука і Шалайку падобныя да сталінскіх: "Калі апошняя нітачка паміж сем’ямі рубіцца, калі лісты не даходзяць - гэта яшчэ адзін спосаб ціску і на саміх людзей, якія знаходзяцца пад сьледзтвам, і на іх сваякоў. Вельмі падобна да тых мэтадаў, ГУЛАГу, пра якія пісаў Салжаніцын".