На прафесійна-тэхнічную адукацыю ў магілёўскіх калоніях грошай няма
Магілёўскі аблвыканкам не пералічвае сродкі на прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Магілёўскую выпраўленчую калонію №19. Так сцвярджае грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі, які некалькі год адпрацаваў у гэтай установе закрытага тыпу.
“Мне вядома, - гаворыць Аляксей, - што аддзел адукацыі магілёўскага гарвыканкама гатовы накіраваць у гэтую ўстанову сваіх выкладчыкаў, каб тыя давалі прафесійна-тэхнічную адукацыю асуджаным і тыя падчас свайго зняволення атрымлівалі новую спецыяльнасць і па выхадзе з турмы мелі магчымасць уладкавацца на працу. Калонія, у сваю чаргу, гатова прадастаўляць памяшканні для правядзення заняткаў, аднак усё упіраецца ў рашэнне аблвыканкама, які на адукацыю зняволеных проста не выдаткоўвае ніякіх сродкаў з бюджэту”.
Аляксей Паўлоўскі таксама адзначае, што прафесійна-тэхнічная адукацыя ў калоніі не вядзецца ужо больш пяці год.
Праваабаронца Ўладзімір Краўчанка адзачае, што склаўшаяся сітуацыя з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй у выпраўленчай калоніі №19 не ўнікальная, яна фактычна прысутнічае ва ўсіх калоніях магілёўскай вобласці.
“Не хопіць пальцаў рук, каб пералічыць, у якіх калоніях не праводзіцца прафесійна-тэхнічная адукацыя, - гаворыць праваабаронца, - Акрамя таго, у выпраўленчых калоніях адсутнічаюць падручнікі для самаадукацыі. Няма падручнікаў для вывучэння замежных моваў, а калі яны ёсць, то іх не выдаюць. Гэта абумоўлена тым, што персанал не ў стане кантраляваць перапіску, якая патэнцыйна можа весціся на замежнай мове”.
Уладзімір Краўчанка адзначае, што аблвыканкам эканоміць на ўсім, аднак больш траціць з-за таго, што ў калоніях знаходзіцца да паловы зняволеных, якія маглі б быць выпушчаны пад грашовы заклад. Акрамя гэтага, вялікія выдаткі на ўтрыманне зняволеных звязаны з практыкай зняволення да суда.
“Людзей па-просту садзяць на перыяд следства на паўгады, год і яны там могуць знаходзіцца нават без рашэння суда. Гэта робяць таму, што так следчаму спакайней. Часам людзей нават не выклікаюць на нейкія допыты – яны проста сядзяць сабе там і сядзяць. Тым не менш большасць такіх людзей не павінны там быць і не ўяўляюць нейкай небяспекі для грамадства, тым больш, што маюць сваю маёмасць, да якой прывязаны, працу, гаспадарку. Дзяржава не думае, што такімі вось спосабамі можна скараціць выдаткі”, - адзначае праваабаронца.
“Акрамя гэтага ў калоніях немагчыма заробіць грошы. Атрымліваецца, што калі чалавек выходзіць на волю – ён мае толькі адны пазыкі і не мае магчымасці аплаціць свае штрафы, акупіць сваё знаходжанне ў калоніі. У якасці прыкладу магу прывесці жаночае Старасельскае ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый), дзе працуе толькі палова знаходзячыхся там жанчын. Тыя ж хто працуе атрымліваюць сярэднія заробкі ў памеры 30 тысяч рублёў. Пра што можна казаць яшчэ?”
“Праваабарончая хроніка”