Падчас візіту Лукашэнкі за салігоскімі апазіцыянерамі наладзілі сачэнне
Да неверагоднага ажыятажу, які ахапіў у апошнія дні
салігорскія крамы з нагоды магчымага падвышэння коштаў на цукар і алей,
дадалася мітусня звязаная з прыездам, а дакладней прылётам, 9 красавіка ў
сталіцу шахцёраў Аляксандра Лукашэнкі.
Яшчэ за тыдзень да гэтай падзеі мясцовыя чыноўнікі пачалі ў аўральным рэжыме
праводзіць у раёне добраўпарадкаванне тэрыторыі. У дзень “ікс” ужо з самай
раніцы горад наваднілі супрацоўнікі ДАІ і міліцыі, а таксама спецслужбісты
заканспіраваныя пад дворнікаў у каляровых камізэльках, з мётламі і навушнікамі.
Тэрыторыя ў цэнтры гораду, дзе знаходзіцца лядовы палац, была літаральна
зачыненая, а пропуск на яе здзяйсняўся выключна па асабістых запрашальных
білетах.
Найбольшыя ж нязручнасці, звязаныя з наведваннем Салігорску чыноўнікам першай
велічыні, адчулі на сабе прадстаўнікі мясцовыя дэмакратычнай апазіцыі. За
некаторымі з апазіцыянераў “ціхары” наладзілі сачэнне з раніцы:
- Ужо а 9-й гадзіне каля майго загараднага дому з’явілася “Пэжо 306” з супрацоўнікам
у цывільным. Калі я паехаў у горад, дык гэты “ціхар” рушыў за мною. Я вырашыў
праехацца дварамі, дык ён усё адно мяне адсачыў, - распавядае мясцовы актывіст
Уладзімір Шыла. - Шчыра кажучы, мне цяжка знайсці здаровую логіку ў гэткіх
паводзінах улады. Няўжо Аляксандар Рыгоравіч мяне так баіцца, што цэлы працоўны
дзень аднаго “ціхара” быў выдаткаваны на сачэнне за маёй сціплай персонай.
Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак такой пільнай увагі з боку сілавых
ведамстваў да мясцовых апазіцыянераў. Гэткае ж “абвастрэнне” у салігорскіх
ўладаў традыцыйна назіраецца ў дні правядзення масавых акцый пратэсту ў Мінску.
“Праваабарончая хроніка”