Для салігорскай міліцыі закон не дзейнічае
Салігорскі маладафронтавец Іван Шыла атрымаў ліст з адказам
на сваю заяву ў Салігорскі РАУС са спазненнем у два месяцы.
19 снежня 2010, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, намеснік старшыні Маладога Фронту
Іван Шыла і сябра Партыі БНФ Павал Батуеў сутыкнуліся з пераследам іх
асобаў з боку супрацоўнікаў салігорскай міліцыі. Пры спробе выехаць з гораду
маладзёны мелі гутарку з палкоўнікам міліцыі. Пасля размовы за актывістамі 40
хвілін “ганяліся” супрацоўнікі ў цывільным на аўтамабілі “Шкода”. У рэшце
хлопцы былі заблакаваныя ў кватэры Паўла Батуева. І хоць маладзёнам удалося
незаўважанымі выйсці з дому і дабрацца да Мінску, аднак праз некалькі дзён
пасля выбараў яны накіравалі адпаведныя скаргі на імя начальніка Салігорскага
РАУС. Батуеў і Шыла запатрабавалі назваць прозвішчы згаданых супрацоўнікаў і
даць прававую адзнаку іх дзеянням.
“Стандартнай адпіскі” з міліцыі Паўлу Батуеву давялося чакаць нядоўга. Ва ўстаноўлены
законам тэрмін яму паведамілі, што “грамдзянамі, якія знаходзіліся ў аўтамабілі
“Шкода Актавія” д.н.7465 ВМ-5 якіх-небудзь правапарушэнняў ці злачынстваў
здзейснена не было, падставаў для ўстанаўлення ўладальніка дадзенага
аўтамабіля, а таксама прадстаўлення дадзенай інфармацыі не маецца”. А вось Іван
Шыла свой адказ атрымаў толькі 8 красавіка:
- Змест “адпіскі” той жа, што і ў Паўла, але ж мне па незразумелых для мяне
прычынах адказалі больш чым праз тры месяцы. Закон “Аб зваротах грамадзян” дае
на гэта не больш за месяц і то пры неабходнасці правядзення адмысловай
праверкі, інакш не больш за 15 дзён. У самім адказе, што праўда, датай
пазначана 25 студзеня, але ж чамусьці на англійскай мове. Не думаю, што ліст
проста затрымаўся на два месяцы на пошце. Верагодна, каб пазбегнуць адказнасці,
у міліцыі пазначылі ў самім ліце адпаведную Закону дату, а даслалі яго толькі
зараз.
Па словах Івана, ён хутчэй за ўсё не стане высвятляць акалічнасці такой доўгай
“вандроўкі” адказу на яго скаргу, бо ад’язджае на вучобу ў Польшчу. Сам жа
выпадак, ён называе паказальным, адлюстроўваючым хібы ў заканадаўстве і
стаўленне да самога закона з боку праваахоўных органаў.
“Праваабарончая хроніка”