viasna on patreon

Сяргея Каваленку адпусцілі з-пад арышту

2011 2011-04-08T16:41:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavalienka_siarhej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскага актывіста КХП БНФ выпісалі са шпіталю, куды ён трапіў на 11 дзень галадоўкі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пад міліцэйскім канвоем яго даставілі назад у ІЧУ, дзе ён мусіў дабыць 12 сутак арышту. Але ў камеру ён ужо не трапіў: нехта патэлефанаваў супрацоўнікам міліцыі, каб актывіста адпусцілі “да разгляду ягоных скаргаў”.

Сяргей  Каваленка мяркуе, што прычынай нечаканага вызвалення сталі як шматлікія скаргі ў пракуратуру, так і галадоўкі пратэсту, якія ён праводзіў з 25 сакавіка.

-- Першую галадоўку я абвясціў 25 сакавіка, калі мне прысудзілі 7 сутак арышту, абвінаваціўшы ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі і брыдкаслоўі на адрас міліцыі. Усе 7 сутак я адгаладаваў на знак пратэсту. А як толькі выйшаў пасля арышуту, каля ІЧУ мяне затрымалі другі раз – нібыта за парушэнне рэжыму адбыцця крымінальнага прысуду. І прызначылі новы арышт, ужо на 15 сутак. Таму я мусіў абвясціць галадоўку зноў, -- распавёў Сяргей Каваленка.

Нагадаем, што актывіст адбывае так званую "хатнюю хімію" — тры гады абмежавання волі "ўмоўна" — пасля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы. Парушэннем была прызнана акцыя са сцягамі напярэдадні Дня Волі, але Каваленку дагэтуль не выдалі пастанову на апошні арышт. Падчас гэтага апошняга арышту ён трапіў у шпіталь, бо далі сябе знаць наступствы шматдзённай галадоўкі.

-- Калі мяне забіралі на хуткай дапамозе з ІЧУ, то высветлілася, што няма ніякіх афіцыйных дакументаў, чаму я тут знаходжуся, -- працягвае актывіст. – Мне паабяцалі аддаць пастанову на апошні арышт яшчэ 1 красавіка, але так дагэтуль і не аддалі. Таму я напісаў шэраг скаргаў – у пракуратуру Першамайскага раёну і ў Віцебскую абласную пракуратуру.

Скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласьці з патрабаваньнем спыніць перасьлед Сяргея Каваленкі напісаў і віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда.
Паводле вынікаў разгляду скаргаў будзе прынята рашэнне, ці законным было апошняе затрыманне і ці мусіць Сяргей Каваленка вярнуцца ў ІЧУ, каб адбыць яшчэ 12 сутак арышту.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства