Яўген Васьковіч азнаёміўся з матэрыяламі справы
Яўген Васьковіч, падазраваны ў падпале бабруйскага будынка КДБ, паведаміў у лісце да аднапартыйцаў, што падпісаў дакументы аб закрыцці справы. Ён піша, што “у 339-м артыкуле “асабліва зламыснае хуліганства” (частка 3), замянілі на “зламыснае” (частка 2), але паставілі ў віну яшчэ артыкул пашкоджанне маёмасці (арт. 218 частка 3). Паводле гэтага артыкулу мне пагражае ад сямі да 12 гадоў…” Таксама маладзён адзначае, што сума іска да яго складае 253 635 рублёў.
“Яшчэ магілёўскі “бясплатны” адвакат запатрабавала, каб ёй заплацілі за тыя гадзіны, што яна да мяне прыходзіла... Дарэчы, у мяне ўжо памяняўся трэці адвакат, які нічога не робіць: нейкая маладзіца сядзела моўчкі на закрыцці справы і думала толькі аб тым, каб пахутчэй збегчы дадому… Адваката я ў вас спытваў толькі для таго, каб вы дакладна ведалі, што адбываецца. Ведаю, што ўсё адно яны засудзяць мяне”, - паведамляецца ў лісце.
Яўген Васьковчі мяркуе што следчы Гаццян, які займаецца яго справай, настроены на тое, каб “далі як мага болей”. А таксама піша, што суд, хутчэй за ўсё, адбудзецца ўжо ў красавіку.
“А маім сябрукам (Арцём Пракапенка і Павел Сырамолатаў) “свеціць” тое ж самае, што і мне. Яны гэтаксама праходзяць па гэтым артыкуле. Тая толькі розніца, што да мяне хочуць прымяніць яшчэ і палітычны артыкул – за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, - піша Яўген Васьковіч.
“Праваабарончая хроніка”