Віктар Канцавенка папрасіў у Польшчы палітычнага прытулку
Жыхар Рэчыцы Віктар
Канцавенка, які на мінулых выбарах быў актывістам перадвыбарнага штабу
кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, падаў дакумэнты на атрыманьне
палітычнага прытулку ў Польшчы.
Як паведаміў БелаПАН Канцавенка, на гэты
момант ён знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў Дэмбак. Атрыманьня статусу ўцекача
можна тут чакаць каля году. "Са мной ужо гутарылі, далі візу на паўгоду.
Ставяцца да мяне ў лягеры добра, большасьць насельнікаў лягеру — чачэнцы, ёсьць
і беларусы, але іх мала. Вяртацца пакуль не зьбіраюся, што гэта дасьць, калі і
мяне пасадзяць", — зазначыў актывіст.
Віктар Канцавенка выехаў зь Беларусі неўзабаве пасьля падзей 19 сьнежня.
Паводле Канцавенкі, за ім сачылі і ён вырашыў пакінуць краіну. Актывіст выехаў
у Расею, а адтуль ва Ўкраіну, дзе папрасіў прыстанішча. Але ня стаў чакаць
рашэньня, а паехаў у Польшчу. "Я жыў ва Ўкраіне ў знаёмага, і мяне там
шукалі мясцовыя праваахоўчыя органы. Таму вырашыў ехаць далей. Нягледзячы на
тое, што ў мяне былі праблемы з пашпартам, польскія улады ляяльна паставіліся
да мяне і далі візу", — растлумачыў Канцавенка.
Паводле яго слоў, у лягеры для ўцукачоў ён займаецца фізычнымі
практыкаваньнямі, слухае "Радыё Свабода", наведвае некаторыя
мерапрыемствы з удзелам беларускіх апазыцыянэраў.