У Оршы замініравалі помнік Леніну?
У апошні сакавіцкі дзень жыхары Оршы маглі назіраць незвычайную карціну - Цэнтральная плошча горада была ачэпленая міліцыяй і на яе тэрыторыю нікога не прапускалі. Як стала вядома, у той дзень ля падножжа помніка Леніну на плошчы быў знойдзены муляж выбуховага прыстасавання.
Нягледзячы на тое, што на гэтай плошчы працуюць аж чатыры відэакамеры, міліцыя пакуль не змагла ўстанавіць асобу грамадзяніна - аўтара такога экстрэмальнага жарту. Вядома, што ніякіх запісак, патрабаванняў або тлумачэнняў сваім дзеянням ён не пакінуў.
Разам з тым, па словах спецыялістаў, у моманты крызісу ўлады, масавага росту коштаў і падзення жыццёвага ўзроўню грамадзян колькасць падобных экстрэмісцкіх праяваў узрастае.
Помнік Леніну ў Оршы усталяваны ў 1987 годзе. Ён выкананы ў стылі манументальнай прапаганды і вядомы тым, што з'яўляецца самым вялікім помнікам правадыру сусветнага пралетарыяту ў Віцебскай вобласці. Бронзавая фігура цыклапічных памераў узвышаецца над навакольнымі шматпавярховымі дамамі, паказваючы пальцам шлях у “светлую будучыню”.
“Праваабарончая хроніка”