viasna on patreon

Затрымалі нацыянал-бальшавікоў з кардоннаю труною

2011 2011-04-01T16:22:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Менску затрымалі 10 удзельнікаў акцыі пратэсту супраць закрыцця рэспубліканскага шпіталю Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў. Актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху зладзілі флэшмоб.

Дарогаю ў дэпартамент, куды яны вырашылі перадаць свой зварот, пратэстоўцы неслі маленькую кардонную труну. Яна мела сімвалізаваць тое, што здарыцца з вязнямі, калі іх пазбавяць медычнай дапамогі.

На падыходзе да будынку дэпартаменту іх затрымалі працаўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Дзесяцярых удзельнікаў флэшмобу пасадзілі ў аўтобус і павезлі ў невядомым кірунку.

Да закрыцця Рэспубліканскага агульна-саматычнага шпіталю Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС мелі пабудаваць новы. Аднак будынак дагэтуль не гатовы. Сёлета ён наўрад ці прыме першых пацыентаў.

Як паведаміў напярэдадні акцыі адзін з яе арганізатараў Дзмітрый Сіняк, колькасць людзей, якія трапляюць на лячэнне, а таксама медычнага персаналу цяпер наўмысна скарачаецца. Паводле ягонай інфармацыі, гэта ўжо пацягнула рост смяротнасці ў шэрагу ўстановаў карнай сістэмы.

У звароце, які неслі нацыянал-бальшавікі ў дэпартамент, яны заклікаюць урад Беларусі тэрмінова вырашыць праблему аказання вязням медычнай дапамогі, пакараць чыноўнікаў, адказных за пабудову новага шпіталю, разгледзець пытанне пра шырокамаштабную амністыю і змякчыць некаторыя артыкулы крымінальнага заканадаўства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства