Палітпрызыўнік Цянюта дэмабілізаваўся
28 сакавіка пасля службы ў дэсантных войсках у Гомель вярнуўся сябра "Маладога Фронту" Андрусь Цянюта. У родным горадзе яго сустракалі сябры БХД і “Маладога Фронту”. Актывіст збіраецца і надалей працягваць грамадскую дзейнасць.
“Звольнілі мяне раніцай без правакацыяў, – распавёў "Радыё Свабодзе" Андрусь. – Толькі перад Днём волі быў псіхалагічны ціск: Віцебская гарнізонная контрвыведка папярэдзіла пра недапушчальнасць антыканстытуцыйнай дзейнасці ў складзе незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.
Актывіста перакананы, што ягоны прызыў быў цалкам палітычным, бо спачатку медыкі прызналі яго непрыдатным да вайсковай службы па стану здароўя, а потым ўсё перайначылі і забралі ў войска. Падчас службы ён спрабаваў дамагчыся магчымасці прайсці альтэрнатыўную грамадзянскую службу, звяртаўся ў суд са скаргай на дзеянні ваенкамату, але беспаспяхова.
Цянюта паведаміў, што будзе працягваць грамадзкую дзейнасць і змагацца за вызваленне палітвязняў, у першую чаргу Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, з апошнім ён нават 9 месяцаў праслужыў у адной роце.
Таксама ў бліжэйшых планах маладафронтаўца атрыманне вышэйшай адукацыі. Да прызыву ў войска Андрусь вучыўся завочна ў Бранскай сельгасакадэміі ў Расеі, але неспадзявана быў адлічаны.