Напярэдадні сяўбы мэханізатары саўгасу "Гарадзец", што на Шклоўшчыне, пратэставалі супраць малых заробкаў
Некаторыя нават напісалі заявы аб звальненьні. У падшэфную гаспадарку, якой некалі кіраваў Аляксандар Лукашэнка, тэрмінова былі камандзіраваныя старшыня "Беларусбанку" Надзея Ермакова і памочнік прэзідэнта Ўладзімер Лаўранкоў. Што з гэтага атрымалася, высьвятляла карэспандэнтка «Радыё Свабода».
Кіраўніцтва "Гарадца" застаць на месцы не ўдалося: дырэктар у Менску, намесьнік у Магілеве, загадчык аддзелу кадраў - у Шклове. Спецыяліст па ідэалагічнай працы Валянціна Капцова не адмаўляла, што праблема была: "Гэта ня тое, што бунт, гэта "завышана" сказана. Ну проста былі рознагалосьсі па заробках. Прыйшло некалькі мэханізатараў, паразмаўлялі з дырэктарам, удакладнілі пытаньні - і ўсё".
А вось шараговы рабочы саўгасу "Гарадзец" Уладзімер Алейнікаў пра заробкі і звальненьні сказаў іншае: "Наконт бунту - спрабавалі... Я ведаю, што шмат сем'яў зьехала, пераехала ў суседнюю гаспадарку з прычыны нізкіх заробкаў, бо там па 700 тысяч плацяць, а тут - 80 тысяч сярэднія заробкі".
Па паказчыках саўгас, якім у свой час кіраваў Лукашэнка, лічыцца ледзь не перадавым. Сапраўды, цэнтральную сядзібу адбудавалі. А вось, да прыкладу, вёска Княжыцы - забытая богам і людзьмі, кажа лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Пётар Мігуцкі: "Мы зайшлі на ферму адну - ня дай Бог!.. Я ніколі ня думаў, што ў "Гарадцы" можа быць такі стан вытворчых памяшканьняў. Гэта нешта страшнае. Рэканструкцыя - так, прыгожа. А памяшканьні, у якіх утрымліваецца скот, - ну адступіліся Бог і людзі..."
Рабочы саўгасу спадар Уладзімер настроены таксама пэсымістычна: "Зімой няма працы, а ў пасяўную - ня ведаю, што будуць рабіць, як яны будуць сеяцца. Людзей ня будзе хапаць. У нас тут засталіся адны старыя. Суседні калгас ўзяў пад сваё крыло "Амкадор", там добра плацяць. А саўгас "Гарадзец" - вось як Лукашэнка сышоў, пасьля Лукашэнкі зьмянілася 11 дырэктароў. 11 дырэктароў ніяк ня могуць навесьці тут парадак".