Віцебская моладзь зладзіла флэш-моб на Усьпенскай горцы на знак пратэсту супраць уладаў і на знак жалобы і салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў
Як паведамила радыё Свабода, увечары 15-га красавіка віцебская моладзь зладзіла флэш-моб на Усьпенскай горцы - на стромкім беразе Дзьвіны, каля крыжа, усталяванага тут у гонар сьвятога пакутніка за веру Язафата Кунцэвіча.
Удзельнікі акцыі дамовіліся паміж сабою празь віцебскі інтэрнэт-форум, і сфармулявалі мэту палітычнага флэш-мобу наступным чынам: "15 хвілін маўчаньня на знак пратэсту супраць уладаў і ўсяго, што яна рабіла за апошні час, на знак жалобы і салідарнасьці з тымі, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, на знак непрызнаньня вынікаў выбараў і ўдзелу ў іх Лукашэнкі. Памятайма таксама, што 15-га красавіка- гэта Вялікая Субота ў каталікоў, перад самым Вялікаднём. Зьвязваем у сваіх думках уваскрасеньне Хрыста з адраджэньнем Радзімы і з вызваленьнем усіх вязьняў сумленьня".
Каля сарака чалавек прыйшлі да крыжа а 9-й вечара і запалілі сьвечкі. За іхнымі дзеяньнямі маўкліва назіралі пяцёра міліцыянтаў, яшчэ некалькі службовых міліцэйскіх машын патрулявалі усе падыходы да Усьпенскай горкі. Акцыя працягвалася 15-20 хвілін, пасьля чаго маладыя людзі разышліся, і міліцыянты нікога не затрымалі.