Дзень Волі для Барыса Хамайды адзначаны чарговым мільённым штрафам
Барыс Хамайда вырашыў адзначыць Дзень Волі напісаннем дыктоўкі каля так званага сіняга дому – дому №28 а вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае незалежную прэсу. Да яго далучылася Антаніна Піванос, украінка па нацыянальнасці, якая на знак саліданасці з беларускім апазыцыянэрам пісала дыктоўку на сваёй роднай мове, перакладаючы “Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага на ўкраінскую.
Завяршаць дыктоўку давялося ўжо ў пастарунку, куды Барыса Хамайду завезлі пад вартай, а спадарыня Піванос прыйшла па ўласнай волі. З Чыгуначнага РАУС апазіцыянера завезлі ў суд.
Суддзя Чыгуначнага райсуду Уладзіслаў Шыкароў не толькі аштрафаваў спадара Хамайду на 30 базавых велічынь, але і пастанавіў, каб у актывіста быў сканфіскаваны бел-чырвона-белы сцяг і ўсе прылады для яго мацавання.
З 2 сакавіка гэта ўжо чацверты штраф, накладзены суддзёй Уладзіславам Шыкаровым на Барыса Хамайду за бел-чырвона-белыя сцягі. Апазіцыянера караюць за тое, што ён перыядычна выходзіць у цэнтар Віцебску з нацыянальным сімвалам, праводзячы аднаасобную акцыю “2011 год – год нацыянальнага сцяга”, прымеркаваную да 20-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі.
“Праваабарончая хроніка”