Эстонія дае магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю студэнтам з Беларусі, якія пацярпелі ад палітычнага перасьледу
Урад гэтай краіны прыняў рашэньне аплаціць навучаньне і пражываньне ў Эстоніі дзесяці студэнтам, якіх па палітычных прычынах выключылі з вышэйшых навучальных установаў у Беларусі. На навучаньне кожнага студэнта ўрад Эстоніі вылучае прыкладна 164 тысячаў кронаў (прыкладна 10 тысячаў даляраў).
Паводле міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, вельмі важна і справядліва, што было прынятае рашэньне адносна забароны на ўезд у краіны Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня дэмакратычных нормаў, і Аляксандра Лукашэнкі, які непасрэдна адказны за ўсё, што адбываецца у Беларусі.
Эстонскі міністар таксама заявіў, што кіраўніцтва Беларусі абавязана вызваліць усіх затрыманых у часе мірных дэманстрацыяў у Менску, у тым ліку і былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, паведаміла радыё Свабода.