Лідэру бабруйскай суполкі АГП прабілі колы
Віктар Бузінаеў, лідэр бабруйскай суполкі АГП паведаміў, што невядомыя прабілі ўсе чатыры колы на яго машыне. Акрамя гэтага, на адным баку аўто злаўмыснікі наклеілі налепку “Малады фронт”.
- Я якраз збіраўся сёння ехаць у Мінск разам са знаёмымі з Маладога фронта, каб ускласці кветкі да помнікаў, - распавядае Віктар Бузінаеў. - Зраніцы пайшоў гуляць з сабакам і заўважыў прабітыя колы. Прычым у нашым двары пастаянна стаіць даволі шмат аўто, а пашкодзілі толькі маё. Выклікаў міліцыю, склалі пратакол, і толькі пазней я заўважыў налепку на машыне. Гэта проста смеху варта. Па логіцы тых, хто прабіў колы, я павінен думаць на людзей, якія мусілі ехаць са мной у маёй жа машыне?!
Віктар Бузінаеў лічыць гэта няўдалай правакацыяй, і з жалем кажа, што яшчэ доўга не зможа карыстацца машынай. Самыя танныя колы на яе супрацоўнікі міліцыі ацанілі ў 280 долараў.
- Праз нейкі час, пасля сыходу міліцыянтаў, якія складалі пратакол, да мяне прыйшлі участковы і два прапаршчыкі міліцыі, - працягвае распавядаць Віктар. - Яны мне сказалі, што я мушу з імі ехаць да начальніка УУС, на допыт. А калі я пацікавіўся, з якой нагоды допыт, яны не змаглі адказаць, тады я адмовіўся ехаць з імі. Вось яны дасюль “кружацца” вакол майго дома, чакаюць нечага.
Бабруйскі лідэр АГП кажа, што аб тым, хто мог сапсаваць колы, можна толькі здагадвацца.
- Дзіўна, што гэта адбылося якраз тады, калі міліцыя пачала надаваць маёй персоне шмат увагі. Апошнія дні проста спакою не давалі, выклікалі ў УУС, але я адмаўляўся прыходзіць без павесткі. Прыносілі павестку, калі мяне не было дома, і жонка Наталля адмовілася яе прымаць, сёння зноў гэтыя выклікі ў УУС… Лепш бы яны сачылі за злачынцамі, якія прабіваюць колы на нашых аўто, - уздыхае Віктар Бузінаеў.
“Праваабарончая хроніка”