viasna on patreon

Дзень Волі: хроніка перасьледу

2011 2011-03-25T23:35:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bnr1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7-30. Некалькі міліцыянтаў з форме і ў цывільным ад самай раніцыспрабуюць патрапіць у кватэру Вінцука Вячоркі. Пры гэтым яны паведамляюць палітыку, што маюць адпаведную пастанову. Грамадскі актывіст Франак Вячорка паведамляе ў Twitterы, што ў 7-10  прыйшлі менавіта да яго, а не да  не бацькі, і прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. Калі 13-гадовая дачка Вячоркі Ружана выйшла з кватэры ў школу, міліцыянты ў пад’ездзе ўчынілі ёй фармальны допыт, спрабуючы даведацца нешта пра брата. Адчапіліся толькі тады, калі дзяўчына заплакала.

Каля 6.30 ранку міліцыя прыехала на кватэру Сяргея Паўлюкевіча. Малады чалавек паспеў адпраіць смс-паведамленне: «Прыехала міліцыя. Забірае. Нібыта ёсьць пытанні».Паведамленне прыйшло ў 6.49 раніцы. На тэлефанаванні цяпер Сяргей не адказвае, паведамляе “Наша ніва”.

У 7.15 міліцыянты прыходзілі ў кватэру да бацькоў актывіста "Эўрапейскай Беларусі" Паўла Юхневіча. Паўла там не было. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода".

8-00. Актывістка “Маладога фронту” Ганна Шаруба паведамляе, што некалькі міліцыянатаў спрабавалі ўварвацца ў яе кватэру, каб “паразмаўляць”. Яна адмовілася адчыніць дзверы. Зараз яны стаяць каля пад’езду.

8-20. Супрацоўнікі  крымінальнага вышуку ў Менску спрабуюць патрапіць у кватэру, дзе пражывае  актывіст Уладзь Валодзін. Яго самога дома няма. Аднак міліцыянты ўсё адно каравуляць актывіста пад домам. 

Моладзевы актывіст АГП Аляксандр Сцепаненка сёння а 8 гадзіне быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёна нібыта на прафілактычную гутарку. Больш за дзве гадзіны сувязь з ім адсутнічае.(“Наша ніва”).

8-30. Крымінальны вышук спрабуе ўвайсці ў кватэру актывіста Алега Ладуцькі. Маці дзеры не адчыняе.

9.20 Актывіста “Гавары праўду” Леаніда Аўтухова з Гарадка вартуе міліцыя. Машыну з супрацоўнікамі міліцыі насупраць свае хаты ён заўважыў яшчэ 24 сакавіка. Зьмяняючыся “на варце”, некалькі супрацоўнікаў міліцыі на розных машынах пільнавалі яго ўсю ноч. А 25 сакавіка да яго паабяцаў прыехаць сьледчы КДБ. (Радыё Свабода)

10-40. У ізалятары часовага ўтрыманьня па вуліцы Акрэсціна рыхтуюцца да масавага прыёму  затрыманых. Па папярэдніх звестках сёньня  тут вызваляюць ад адбыцьця адміністратыўных арыштаў “непалітычных” законапарушальнікаў.

10.45 Кіраўніку Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Віктару Бузінаву сёньня зранку невядомыя прабілі ўсе чатыры колы ва ўласным аўто. Віктар неаднойчы прымаў удзел у акцыях у Менску. (Радыё Свабода).

10.55 У 7.20 міліцыянты прыходзілі дадому да бацькоў Тацяны Шапуцькі. Казалі, што яна ім патрэбная з нагоды крымінальнай справы, якой - не патлумачылі. Самой Тацяны дома не было. (Радыё Свабода).

11-20. У кватэру, якую здымае актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Ірына Пчолкіна спрабуюць патрапіць міліцыянты. У кватэры знаходзяцца таксама актывісты Сяргей Гумінскі, Андрэй Кастусёў, Кася Іерусалімская, Руслан Канавалаў і Зміцер Якубоўскі, які і паведаміў пра здарэньне.

11-30. Да сябра АГП з Астраўца Івана Крука сёння наведаўся ўчастковы міліцыянт і, паколькі яго не было ў кватэры, распытваў жонку ці не збіраецца ён ехаць у Мінск на святкаванне ўгодкаў БНР.  Участковы таксама распытваў суседзяў — ці не маюць яны прэтэнзіяў да Івана Крука, паведамляе vialejka.org

11-35. Актывіста "Моладзі БНФ" са Смаргоні Уладзімера Шульжыцкага выклікаюць 25 сакавіка на 16 гадзінаў у Смаргонскі РАУС. Ён мяркуе, што гэта робіцца дзеля таго, каб ён не змог паехаць на Дзень волі ў Мінск. (“Еўрарадыё”).

12-10. Актывістку “Маладога фронту” Ганну Шарубу супрацоўнікі міліцыі  выманілі з кватэры і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Прычына затрыманьня пакуль невядомая.

12-20. Супрацоўнікі міліцыі заблакавалі кватэру актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага.

12-30. У Бабруйску раніцай міліцыя затрымала прафсаюзнага актывіста Міхаіла Кавалькова. Ён дагэтуль утрымліваецца ў мясцовым Раусе.

13-00. Сёньня раніцай у Гомелі затрыманы прадпрымальнік, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых. Як паведамляе ягоная жонка, ён затрыманы на двое сутак і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня (Радыё Свабода).

13-20. Актывісты "Гавары праўду"  Сергеенка Аляксандр і Таццяна Ласкавец затрыманы ў кватэры. Супрацоўнікі міліцыі доўга тэлефанавалі ў дзверы, затым некалькі разоў стукнулі па дзвярах, дзвярная скрынка адышла - і яны пракраліся ў кватэру. Без усякіх тлумачэнняў затрымалі актывістаў і павезлі ў Завадскі РУУС, паведамляе zapraudu.info

14-00. У Слоніме затрыманы кіраўнік мясцовай філіі незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Барыс Кучынскі. Яго схапілі проста ў паліклініцы і зараз вязуць у невядомым накірунку.

14-02. Актывіста "Еўрапейскай Беларусі" з Менску Андрэя Молчана каля 13.00 міліцыя забрала з працы. Пра гэта ён паспеў напісаць у смс-паведамленні.

14-05. У 12.00 два супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіліся 6 чалавек: Сяржук Гумінскі, Кастусёў Андрусь, Якубоўскі Дзмітрый, Руслан Канавалаў і Кацярына Гензанская. Разам з імі быў грамадзянін Польшчы Крыстафор Кірджык. Міліцыянты перапісалі дадзеныя ўсіх маладзёнаў, выклікалі нарад спецназа. Праз некаторы час вывелі некалькі чалавек з кватэры і павезлі на дзвюх машынах у розныя бакі.\

14-15.Ва ўніверсаме”Цэнтральны “ Менска супрацоўнікі міліцыі затрымалі Франака Вячорку, Паўла Прывалава і іхняга гомельскага сябрука, прозвішча якога невядомае. Адзін з міліцыянтаў, які прадставіўся як Уладзімір Дзем’янкоў паведаміў затрыманым, ш то яны падазраюцца ў здзяйсненьні цяжкага злачынства.

14-20. Лідараў Маладой Беларусі заблакавалі ва ўласных кватэрах – да Артура Фінькевіча і Настассі Машчавай спрабуюць уварвацца міліцыянты, у кватэрах адключана сувязь і электрычнасць. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не паведамляюць, на якіх падставах хочуць затрымаць маладзёнаў (Радыё Рацыя).

14-14. Затрыманая актывістка «Еўрапейскай Беларусі" Ірына Пчолкіна. У дадзены момант яе вязуць у Фрунзенскі РУУС.
14-40.  Каля тэатру музкамедыі супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі.

14.40 Полацкага актывіста Віктара Калесніка міліцыянты затрымалі, спыніўшы маршрутку «Полацак-Мінск».  Затрыманне адбылося ў дзесяці кіламетрах ад Полацка. Актывіста перасадзілі у службовую машыну, не патлумачыўшы прычын затрымання. Куды вязуць і навошта, не паведамілі таксама (“Наша ніва”).

14-50. Каля 6-30 людзі ў цывільным, прадставіўшыся крымінальных вышукам, спрабавалі ўварвацца ў кватэру, дзе пражывае актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Дзьякава. Дзяўчына адмовілася адкрываць ім дзверы. Зараз яны працягваюць дзяжурыць каля яе пад'езду.
У 6-50 людзі ў цывільным прыйшлі па месцы жыхарства актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Людвіг Кацярыны. У дадзены момант пад вокнамі актывісткі дзяжурыць машына. Прыкладна ў 7-00 у сябе дома быў затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Кудлаеў. Без тлумачэння прычыны затрыманьня ён быў дастаўлены ў Заводскі РУУС, дзе, па словах міліцыянтаў, прабудзе да 20-00.

15-12. Рыгор Пясецкі паведаміў “Народнай Волі”, што людзі ў цывільным прыходзілі на кватэру яго бацькоў і па месцы прапіскі хлопца. Яны кажуць, што ён ім патрэбны для нейкай тэрміновай справы.

16-00. Актывіст “Маладога Фронта” Юльяна Місюкевіча з заняткаў супрацоўнікі міліцыі адвезлі ў Ленінскі РУУС Менска, дапытаць па невядома якой крымінальнай справе. Пры гэтым яму ўручылі позву.

16-26. У Гародні у раёне вуліцы Рэйманта міліцыянты затрымалі актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігара Ламеку(Радыё Рацыя).

17-20. Аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня пісьменніка Сяргея Малалеткіна затрымалі сёньня раніцай у Оршы па надуманых падставах і ў 17 гадзін адпусцілі з Рауса. Не цяжка здагадацца, што такім чынам  прадухілілі ягоны ўдзел у дні Волі ў Менску.


17-20. Каля цырка затрымалі лідэра маладых дэмакратаў Алега Корбана і яшчэ 15 моладзевых актывістаў, якія зьбіраліся ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу.

17-07. Купалкаўскі сквер цалкам закрыты для наведнікаў. На ўсіх уваходах стаіць міліцыя і не пускае людзей. У парку бачныя міліцэйскія аўтобусы. На праспекце з боку цырка шпацыруюць людзі ў чорным характэрнага выгляду(“Наша ніва).

У Магілёве каля 17-00  затрыманыя  старшыня абласной суполкі БНФ Дзмітрый Салаўёў і грамадскі актывіст Аляксандр Сілкоў (Прэсавя служба БАЖ).

17-25. На плошчы Якуба Коласа шмат міліцэйскіх машын, аўтазакаў, карэта хуткай дапамогі. Шмат аўтазакаў і на вуліцы Дарашэвіча. Доступ на плошчу Якуба Коласа на гэты час вольны, піша “”Радыё Свабода”.

У Віцебску збілі журналіста Ўладзіслава Стараверава, паведамляе "Радыё Свабода".

17.30 У Магілёве затрыманыя актывісты "Маладога фронту" Валянцін Лабачоў і Дзмітрый Пасрэднікаў, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрый Новікаў і актывіст Уладзімір Новікаў.

18-03. У цэнтру Менска па выхадзе з метро затрыманыя  Мікалай Дземідзенка, Кася Далідовіч і Марыя Квіцінская.

18-10. У сегменце беларускіх сайтаў (Наша Ніва, Радыё Рацыя) пачаліся прраблемы з загрузкай. 

18-20. Асобы ў цывільным спрабавалі перашкодзіць здымаць на плошчы Якуба Коласа журналісту расійскага канала ОРТ. Ён заявіў, што напіша на іх скаргу. Пасля гэтага спецслужбісты ад яго адчапіліся (Наша ніва).

18-25. Ланцугі амапу перакрылі доступ да падземных пераходаў на плошчы Якуба Коласа. На самой плошчы засталося каля 50 чалавек.

18-20. На падыходзе да скверу Купалы міліцыя затрымала двух маладзёнаў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі. Іх павялі ўглыб сквера (Еўрарадыё)

18-30. Чарнашапачнікі забралі Віктара Івашкевіча непадалёку ад плошчы Перамогі каля "Падземкі".

18-40. Прыкладна 250 чалавек паспрабавалі прайсці з плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Літаральна праз 200 метраў іх спынілі ланцугі спецназу.Пачаліся затрыманьні і збіццё.

18-43. На “Бангалоры”, дзе сабраліся адзначаць Дзень Волі, дзяжураць машыны хуткай дапамогі. Нягледзячы на тое, што ўлады дазволілі тут правесьці мітвынг, міліцыя рыхтуецца для выдаленьня ўсіх з парку.

18-42. Людзі ў чорным адціскаюць людзей назад, на плошчу Якуба Коласа, не пускаючы ў цэнтр. Усяго на плошчы каля шасцідзесяці актывістаў. Яшчэ сотня стаіць за праспектам, каля Філармоніі (Наша ніва).

18-45. Каля музэю сучаснага мастацтва затрыманы Сяргей Хіневіч, 1957 года нараджэння.

18-55. Каля плошчы Коласа затрыманыя Ладзіс, Шыла і Тычына.

18.50 Да скверу імя Янкі Купалы прыйшлі лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідар БХД Віталь Рымашэўскі. Яны ўсклалі кветкі на ўваходзе ў сквер.

19-08. Затрыманая Тацяна Кім знаходзіцца ў Цэнтральным РУУСе Менска.

19-30. Зараз у Савецкім РУУСе Менска знаходзіцца прыкладна 30 чалавек. Аднак сярод іх няма многіх актывістаў, што былі сёньня затрыманыя каля плошчы Якуба Коласа. Верагодна, колькасць затрыманых значна большая, аднак куды адправілі гэтых людзей – пакуль невядома.

19-45. Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў папярэдзіў усіх, хто застаўся каля сквера Янкі Купалы, што калі людзі не разыйдуцца – будуць затрыманьні.

21.15 Прэвентыўна затрыманых апазіцыянераў пачалі выпускаць. Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Молчан паведаміў, што яго толькі што адпусцілі з міліцыі -- прыкладна з 13 гадзінаў ён знаходзіўся ў Партызанскім РУУС сталіцы.  

Нагадаем, што ў гэтым годзе частка апазіцыйных партый і рухаў (БНФ, БХД, руху салідарнасьці "Разам","Гавары праўду") вырашылі абмежавацца ўскладаньнем кветак да помніка Янку Купалу. Прадстаўнікі моладзевых арганізацый – “Маладога фронту” і “Эўрапейскай Беларусі” – заявілі, што, як і было абвешчана раней, яны зьбяруцца на плошчы Якуба Коласа і адтуль рушаць да помніка Янку Купалу. Аднак ініцыятары абедзьвюх акцыяў адмовіліся ісьці на плошчу Бангалор, дзе ўлады дазволілі правесьці мітынг.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства