Актывістаў Віцебшчыны папярэджваюць пра недапушчальнасьць ўдзелу ў забароненых акцыях
Віцебскага каардынатара руху “За свабоду” Хрыстафора Жаляпава (на фота) выклікалі на прафілактычную гутарку ў Чыгуначны РАУС, каб яшчэ раз нагадаць, што мясцовая раённая адміністрацыя забараніла праводзіць акцыю да Дня Волі.
Пікет быў замоўлены на вечар 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Але з Чыгуначнай раённай адміністрацыі актывістам напісалі, што праводзіць мітынг забаронена, бо якраз тым самым часам сваю акцыю “Разам – супраць сухотаў” у парку будзе ладзіць аддзел аховы здароўя.
У Чыгуначны райаддзел міліцыі спадара Жаляпава выклікалі як аднаго з заяўнікаў на пікет на мітынг. Намеснік начальніка райаддзела спадар Катовіч яшчэ раз нагадаў пра забарону, папярэдзіўшы, што ў выпадку самавольнага правядзення акцыі ўдзельнікаў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Моладзеваму актывісту з Мёраў Яўгену Пальчэўскаму кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, на якім ён працуе, загадала перапыніць адпачынак і 25 сакавіка абавязкова выйсці на працу.
“Мне загадана абавязкова выйсьці на працу ў гэты дзень. Кажуць, быў нейкі тэлефонны званок да кіраўніцтва, і было загадана забяспечыць, каб я 25 сакавіка не выязжаў з горада. Напэўна, нехта меркаваў, што я абавязкова паеду ў Мінск. Хаця я і не збіраўся”, -- кажа хлопец.
Актывісты з Мёраў меркавалі правесці акцыю да Дня Волі ў сваім райцэнтры, але мясцовы выканкам не даў дазволу. Усяго на Віцебшчыне забаранілі 7 акцый, прымеркаваных да 25 сакавіка – ніводная заяўка прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці не была задаволена.
“Праваабарончая хроніка”