З бабруйскімі актывістамі правялі “прафілактычную размову”
Намеснік начальніка УУС бабруйскага гарвыканкама Сяргей Малішэўскі правёў вечарам 23 сакавіка “прафілактычную размову” з некалькімі бабруйскімі актывістамі. Разам з Вольгай Піманавай, Таісіяй Кабанчук, Галінай Смірновай і Максімам Рыжкевічам, якіх затрымалі 22 сакавіка за распаўсюд святочных улётак, на размову былі запрошаныя Алена Мядзведзева і Ірына Уварава, Ірына і Аляксандр Міцура. Гэтыя актывісты належаць да розных партый і суполак – АГП, БХД, прадпрымальнікі. Таксама міліцыянеры прыходзілі дахаты да лідэра бабруйскай суполкі БНФ Сяргея Лацінскага, але дома былі толькі яго родныя. Супрацоўнікі УУС прыходзілі дахаты і да кіраўніка бабруйскай суполкі АГП Віктара Бузінаева, але яго таксама не было дома.
Негледзячы на тое, што ў позве стаяла прозвішча следчага Ганчарова, размаўляў з актывістамі намеснік начальніка УУС.
- Сяргей Малішэўскі распавёў нам, што існуе адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, - распавядае Вольга Піманава. – Але ніякія паперы падпісваць не прапаноўваў. Ён сказаў “ведаю, што вы граматныя і нічога не падпішаце, таму проста папярэджваю вас”.
Таксама Вольга паведаміла, што яе і Алену Мядзведзеву выклікалі 25 сакавіка ў 16.30 да начальніка падаткавай інспекцыі.
- Мы прадпрымальнікі, таму гэта адзіны спосаб нас некуды выклікаць, і час абраны не проста так, - мяркуе Вольга Піманава. – Мы нават перапыталі начальніка інспекцыі, ці можна перанесці сустрэчу на іншы час, і яна катэгарчына адмовілася. У прынцыпе, гэта традыцыя, перад кожнай акцыяй нас выклікаюць у падаткавую.
“Праваабарончая хроніка”