Магілёў: Пікеты апазыцыі забароненыя
Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў групе грамадзян
правесьці тры пікеты за вызваленьне беларускіх палітвязьняў. У адказе за
подпісам кіраўніка спраў гарвыканкаму Ігара Аўсеенкі гаворыцца, што месцам
правядзеньня масавых мерапрыемстваў, арганізаваных палітычнымі, прафсаюзнымі й
грамадзкімі арганізацыямі, вызначаны стадыён па вуліцы Чалюскінцаў.
Заяўнікі хацелі правесьці пікеты ў
людных месцах у цэнтры гораду. Два зь іх — насупраць гарвыканкаму й абласной
управы КДБ. Заяўку на правядзеньне акцыяў пратэсту падпісалі 12 актывістаў
палітычных, грамадзкіх і прафсаюзных арганізацыяў.
Пікеты меліся адбыцца 25, 26 і 27 сакавіка. Плянавалася, што ў кожным зь іх
возьмуць удзел да дзесяці чалавек.
Стадыён, куды чыноўнікі адпраўляюць апазыцыянэраў пратэставаць, знаходзіцца
ўбаку ад людных вуліц Магілёва. Побач — аварыйны будынак былога дома культуры й
адпачынку гарвыканкаму. Раней месцам для масавых мерапрыемстваў была прызначана
пляцоўка перад гэтым будынкам.