Барыса Гарэцкага сёння дапыталі супрацоўнікі КДБ
Журналіст Радыё Рацыя Барыс Гарэцкі паведаміў праваабаронцам пра сваё затрыманне. Падчас знаходжання журналіста ў судзе Партызанскага раёна Менска, дзе разглядаецца крымінальная справа Мікіты Ліхавіда, туды наведаліся супрацоўнікі КДБ і прад’явілі Гарэцкаму пастанову на допыт.
- Мяне адвезлі ў галоўны будынак КДБ на праспекце Незалежнасці, дзе і адбыўся допыт. Таксама далі падпісаць папярэджанне пра адказнасць за акцыю 25 сакавіка. Пасля адвезлі назад у суд, - распавёў Барыс.
Выклікае здзіўленне тое, што напярэдадні акцыі КДБ ужывае "прывентыўныя" меры ў дачыненні да журналістаў, якія не з’яўляюцца арганізатарамі акцыі. Па словах Барыса Гарэцкага, яму таксама падалося гэта нейкай недарэчнасцю, аднак камітэтчыкі, якія яго дапытвалі, пацвердзілі, што яны займаюцца менавіта журналістамі. Адказ тыпу “нам сказалі – мы зрабілі” пачуў Гарэцкі на сваё здзіўленне.