Яўген Васьковіч просіць дапамогі ў аднапартыйцаў
Яўген Васьковіч, якога абвінавачваюць у падпале будынка КДБ у Бабруйску, даслаў ліст сябрам ствараемай партыі БХД. У ім маладзён просіць аднапартыйцаў дапамагчы знайсці адваката і часцей пісаць яму.
- Сябры бабруйскай суполкі напісалі Яўгену ліст і ён адказаў, напісаў вельмі шмат. Тлумачыў, чаму яго арыштавалі, чаму адразу прызнаўся ва ўсім, прасіў перадаць яму пэўны набор рэчаў і рэлігійную літаратуру, - распавядае сябра БХД Таісія Кабанчук. Маладзён таксама паведамляе, што яго “які тыдзень мучае прастуда – месца такое”, і просіць перадаць лекі і вітаміны.
У лісце Яўген Васьковіч піша, што пакуль не ведае, калі будзе суд, але разлічвае на шэсць-сем год пакарання. Ён распавядае, што яшчэ ў магілёўскім ІЧУ да яго ў камеру падсадзілі “спецыяльнага чалавека, які раскручвае людзей на яўкі”, і той запалохваў Яўгена будучымі здзекамі з боку сукамернікаў за даўгаватыя валасы і беларускую мову.
“Я ж за ноч ужо вырашыў, што раз мае “падзельнікі” прадалі мяне, то лепш я адкажу на пытанні 12-га аддзела (каб на судзе не далі па максімуму). Прыйшлі аператыўнікі, я адказаў на іх пытанні: па сутнасці, сваімі словамі я толькі падцвердзіў тое, што ім было вядома”, - гаворыцца ў лісце. Таксама хлопец дадае, што “калі мяне вазілі на следчыя дзеянні, бралі інтэрвью знаёмыя журналісты з тэлеканала “Скіф”.
Яўген Васьковіч піша, што і ў магілёўскай турме № 4, дзе ён правёў два тыдні перад пераводам у Бабруйск, і ў СІЗА , сукамернікі ставяцца да яго добра. Таксама ён прызнаўся, што з-за арышта і шуміхі вакол яго ўзнік канфлікт з роднымі, і таму просіць аднапартыйцаў заняцца пошукамі бясплатнага адваката ці прадстаўніка.
“Праваабарончая хроніка”