Водгукі выбарчай кампаніі: З пекара ў прыбіральшчыцы
Сябра партыі “Справядлівы свет” з Давыд-Гарадка Вольга Кецько за сяброўства ў выбарчай камісіі ад партыі “Справядлівы свет” была пераведзена дырэктарам хлебазавода Надзеяй Скрабец з пекара на пасаду прыбіральшчыцы вытворчых памяшканняў. Кецько пры пераводзе страціла ў заробку. Але не падпарадкавацца не магла, таму што дырэктардала зразумець: альбо Вольга Кецько пераходзіць працаваць прыбіральшчыцай альбо яе звольняць. Дырэктар не звярнула ўвагі на тое, што жанчына адна гадуе 4-х непаўнагадовых дзяцей. Малодшы сын з’яўляецца інвалідам 2-ой групы па зроку.
Пры размове па пытанні пераводу на іншую працу ў прысутнасці галоўнага інжынера Віктара Дранько і старэйшага майстра Святланы Шчэрбач дырэктар неаднаразова цікавілася ў Кецько, як тая трапіла ва ўчастковую камісію і чаму не спытала ў яе дазволу. А майстар пайшла яшчэ далей. Па словах Святланы Шчэрбач, Кецько, пайшоўшы ў камісію ад партыі “Справядлівы свет”, запляміла ўвесь хлебазавод, а таксама сябе і сваіх дзяцей. І што цяпер у дзяцей Кецько будуць праблемы з паступленнем у навучальныя ўстановы.
“Праваабарончая хроніка”