Барысаўскі выканкам ужо не адмаўляе ў пікетах, а забараняе іх
У Барысаве пікеты ў падтрымку палітвязняў, якія планавалася правесці 19 і 25 сакавіка, апынуліся пад забаронай мясцовага райвыканкама.
Заяўкі на правядзенне пікетаў падаваў дэмакратычны актывіст Міхаіл Васільеў. Планавалася, што пікеты будуць арганізаваны ў шматлюдным месцы - на пляцоўцы каля буйнога ўнівермага «Веста», да якога гараджане ўжо прывыклі як да месца правядзення палітычных акцый за час мінулай прэзідэнцкай кампаніі.
Рэакцыя Барысаўскага райвыканкама была чаканай: на працягу як мінімум пяці апошніх гадоў у горадзе не было дазволена ні аднаго мерапрыемства апазіцыі, за выключэннем перадвыбарных 2010 года. І прычына адмовы была заўсёды аднолькавай: «... у сувязі з невыкананнем патрабаванняў Закон РБ ад 30 снежня 1997 года «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
Характэрна, што ў 2011 годзе «танальнасць» адмоваў змянілася. Калі раней пісалася: «вам адмоўлена ў правядзенні», то зараз у дакументах, падпісаных старшынёй Барысаўскага райвыканкама Уладзімірам Мірановічам напісана: «Паведамляем, што Барысаўскі райвыканкам ЗАБАРАНЯЕ Вам правядзенне мерапрыемстваў».
«Праваабарончая хроніка»