viasna on patreon

Наталья Ільініч зноў звяртаецца ў суд

2011 2011-03-21T14:42:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Звольненая з працы настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Ільініч рыхтуе касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд на рашэнне Пухавіцкага раённага суда, які адмовіў у патрабаванні аднавіць яе на працы.

Рашэнне суда суддзя Святлана Акуліч агучыла 10 сакавіка. Нягледзячы на довады Наталлі Ільініч і сведчанні яе калег, былых выпускнікоў, бацькоў вучняў, якія характарызавалі Наталлю Валянцінаўну як высокага прафесіянала, суддзя Акуліч вырашыла, што ў дырэктара Талькаўскай школы Наталлі Меркуль былі законныя падставы не працягваць з Ільініч працоўны кантракт. У матывіровачнай частцы судовага рашэння, якое Ільініч атрымала па пошце 19 сакавіка, было патлумачана, чым кіраваўся суд.

— Нават не ведаю, як ахарактарызаваць такое рашэнне, бо яно адначасова і дзіўнае, і супярэчлівае, — кажа Наталля Ільініч. — Суд указаў, што мае довады аб тым, што мяне звольнілі па палітычных перакананнях з-за маёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі, беспадстаўныя. І як доказ прывёў тое, што я прад’явіла суду шмат грамат, падзяк, дыпломаў. Як напісана ў матывіровачнай частцы, гэта “свидетельствует о том, что со стороны администрации школы и отдела районного образования Пуховичского райисполкома объективно относились к работе”. Але калі суд прымаў рашэнне, што дырэктар мела права звольніць мяне з працы, то чамусьці на гэтыя дыпломы, граматы і падзякі ўвагі ўжо не звярнуў. І па рашэнні суда атрымліваецца, што з-за памылкі ў школьным журнале і несвоечасовую праверку дзённікаў настаўніка можна лёгка звольніць. Але ж і дырэктар робіць такія памылкі!

Наталля Ільініч кажа, што намер абскардзіць рашэнне Пухавіцкага раённага суда быў у яе адразу, як толькі суд не задаволіў яе іскавае патрабаванне аднавіць яе на працы. Зараз, калі яна атрымала матывіровачную частку судовага рашэння, жаданне толькі ўзмацнілася.

— Касацыйную скаргу падрыхтуем у самыя бліжэйшыя дні, — кажа Наталля Ільініч.

Як вядома, працоўны кантракт з Наталляй Ільініч дырэктар Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль не прадоўжыла адразу пасля таго, як у хаце Ільініч адбыўся вобыск пасля падзей 19 снежня.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах Наталля Ільініч збірала подпісы за кандыдата ад Партыі БНФ. У 2009 годзе, калі ўся вёска Талька пратэставала супраць аб’яднання Талькаўскага і Блужскага сельскіх Саветаў, Наталля Ільініч паставіла свой подпіс пад зваротамі ў абласны і раённы Саветы. У студзені 2010 года Наталля Ільініч адстаяла сваё права заставацца сябрам Партыі БНФ, калі ёй начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч ультыматыўна прапанавала: альбо праца ў школе, альбо сяброўства ў апазіцыйнай партыі. Менавіта пасля гэтага інцыдэнту ў кабінеце Данілевіч, лічыць Наталля Ільініч, і пачаўся ціск на яе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства