viasna on patreon

Барыс Звозскаў: “Не хоча ўлада прызнаваць памылкі”

2011 2011-03-21T13:16:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zvoskau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Першы прэзідэнт Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў.

Першы прэзідэнт Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў.

Беларускія грамадзяне, правы якіх парушаюцца, шмат церпяць ад таго, што не ведаюць, куды можна яшчэ звярнуцца, каб узнавіць справядлівасць, калі ўнутры  дзяржавы ўсе механізмы вычарпаны. Як і дзе можна дабіцца аднаўлення парушаных правоў чалавека на міжнародным узроўні расказвае вядомы ў Беларусі праваабаронца Барыс Звозскаў:

- Калі размова ідзе пра правы чалавека, калі не ўдалося абараніць і адстаяць гэтае права на нацыянальным узроўні, звяртацца неабходна ў міжнародныя органы. Для нас адзіным даступным органам з’яўляецца Камітэт па правах чалавека ААН. Еўрапейскі суд нам недаступны, таму што Беларусь не падпісала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека, не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы. Маёмасныя споры Камітэт не разглядае, калі няма там якой складаючай, што адносіцца да правоў чалавека. Напрыклад, пры разводзе сужонкаў пакутуюць дзеці, не ўлічваюцца іх інтарэсы, тут можна звяртацца ў Камітэт.

- Вядома, што рэкамендацыі ААН у Беларусі не выконваюцца…

- Падпісаўшы і ратыфікаваўшы Факультатыўны пратакол па Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзяржава  прызнае адразу дзве рэчы: прызнае права грамадзян звяртацца з індывідуальнымі паведамленнямі і дзяржава прызнае кампетэнцыю права Камітэта вызначаць, было ці не было парушэнне Пакта. Абавязковасць выцякае з самога Пакта, таму што там напісана, што дзяржава  абязуецца выконваць тыя правы, пра якія гаворыцца ў Пакце. Адсюль выцякае абявазковасць дзяржавы выправіць становішча, узнавіць парушанае права. Дамовы павінны выконвацца добрасумленна.

- Ці вам вядомыя выпадкі, калі Беларусь выканала дамову Пакта?

- Беларусь калі-нікалі прымае меры яшчэ да таго, як Камітэт вынясе свае меркаванні. Напрыклад, справа Баланчука з Маладэчна. Яго аштрафавалі за распаўсюд Дэкларацыі правоў чалавека. Міліцыя яго затрымала, склалі пратакол, мясцовы суд палічыў, што ён вінаваты. Абскарджванне ў абласны суд не дало вынікаў. І Баланчук звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека. У Камітэце існуе працэдура: пры атрыманні скаргі ад чалавека яна адсылаецца ўраду краіны, на якую скардзіцца гэты чалавек. Урад мае паўгады, каб скласці свае пярэчанні. Нашы ўлады вырашылі не даводзіць справу да разгляду ў Камітэце. Таму старшыня Вярхоўнага суда адмяніў усе папярэднія рашэнні па справе Баланчука і спыніў справу. Некалькі такіх выпадкаў было. А што тычыцца выканання меркаванняў Камітэта, то ні воднае меркаванне Камітэта Беларуссю выканана не было. Ніводнае. Дэманстратыўна. У гэтых меркаваннях Камітэт звяртаецца з прапановай узнавіць права, што-небудзь зрабіць, каб права было ўзноўлена і апублікаваць меркаванне Камітэта, але нават публікацыі ніводнай не было. Не хоча ўлада прызнаваць памылкі.

- Як тады глядзіць Камітэт па правах чалавека на тое, што ўлады не хочуць выконваць іх меркаванні?

- Адзін з сябраў Камітэта назірае за тым, што зроблена дзяржавай пасля  вынясення меркаванняў. Гэты чалавек збірае інфармацыю, потым піша даклад, які ўносіцца ў Савет па правах чалавека. Затым гэтыя даклады выносяць ў гадавы даклад Савета Генеральнай асамблеі ААН. Звычайна на агучванні гадавых дакладаў знаходзяцца прадстаўнікі фінансавых інстытутаў, сур’ёзнейшыя інвестары. Яны не будуць імкнуцца ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку краін, дзе парушаюцца правы чалавека. Там у любы момант можа ўзнікнуць сацыяльная напружанаць, і  інвеставаныя грошы прападаюць.

- Куды яшчэ могуць звярнуцца нашая грамадзяне, дзе яны могуць знайсці абарону?

- Гэта спецдакладчыкі тэматычныя: спецдакладчык па пытанні прымянення катаванняў і жорсткага абыходжання, па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў, па пытаннях рэлігіі -- іх шмат, каля 40. Для таго, каб звяртацца ў Камітэт па правах чалавека, трэба вычарпаць унутраныя сродкі прававой абароны, вельмі доўгі час гэта займае, а пры звароце да спецдакладчыкаў працэдуры праходзяць значна хучэй. І таму, калі нехта лічыць, што яго права парушана, то ён можа звярнуцца да спецдакладчыка, які курыруе гэтае пытанне. Але пры гэтым лепш звярнуцца да праваабаронцаў, якія могуць нешта параіць і падказаць. Яны ведаюць і працэдуры і механізмы. Праваабаронцы могуць аказаць кваліфікаваную дапамогу.

- Што робяць праваабаронцы Беларусі па прымяненні міжнародных дамоў у заканадаўстве?

- Можам дапамагчы чалавеку звярнуць увагу суда ў сваіх скаргах на парушэнне права. Імкнемся прыцягваць экспертаў з Савета Еўропы, ААН, АБСЕ з тым, каб праводзіць асветніцкія мерапрыемствы. Важна, каб нашы прадстаўнікі судовых органаў, праваахоўных, адвакатуры разумелі сутнасць правоў чалавека, але на жаль, гэтага не ўдаецца зрабіць -- не ходзяць яны на падобныя мерапрыемствы, семінары, круглыя сталы. Гадоў 10 таму Вярхоўныя суды Еўрапейскіх краін збіраліся ў Мінску на канферэнцыю па правах чалавека, па вывучэнні практыкі Еўрапейскага суда. Амаль усе краіны былі, а Беларусі не было. Адзін з крокаў быў зроблены зусім нядаўна.  ААН па ўзгадненні з нашым урадам выпусцілі 4-томнік “Правы чалавека”. Вельмі добрая кніга. У кабінеце аднаго суддзі я ўбачыў гэтыя 4 кнігі, як падстаўку пад манітор кампутара.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства