Гомельскія ўлады забаранілі праводзіць пікеты салідарнасці з палітзняволенымі
Чатыры актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» атрымалі адмову з Гомельскага гарвыканкаму на заяўкі аб правядзенні пікетаў салідарнасці з палітзняволенымі. Масавыя мерапрыемствы былі запланаваныя на 25 сакавіка — Дзень Волі. У адказе гарвыканкама гаворыцца, што пікеты забаронены, бо «змест заяваў не адпавядае патрабаванням пунктаў 1,2 рашэння гарвыканкама «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Гомелі».
Варта заўважыць, што, згодна пункту 1 дадзенага рашэння, масавыя мерапрыемствы, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі можна праводзіць у амаль паўмільённым горадзе толькі на адной пляцоўцы — каля ДК «Віпра» таварыства глухіх. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» хацелі правесці пікеты ў шматлюдных месцах, а не каля ДК «Віпра» - пляцоўцы ў спальным раёне, дзе традыцыйна выгульваюць сабак.
У пункце 2 рашэння гарвыканкама гаворыцца пра тое, што калі арганізацыя масавага мерапрыемства праходзіць без удзелу органаў дзяржаўнай улады, арганізатары павінны падпісаць дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і хуткай дапамогай, і прыкласці гэтыя дамовы да рашэння.
Актывісты кампаніі лічаць, што дадзенае рашэнне гарвыканкама, як і забарона ўладаў праводзіць пікеты, не адпавядаюць Канстытуцыі і парушаюць правы грамадзянаў на мірныя сходы. Варта заўважыць, што гомельскія ўлады з 2004 года не давалі дазволу на правядзенне ў горадзе пікетаў і мітынгаў, заяўкі на якія падавалі прадстаўнікі палітычных партый і НДА.
“Праваабарончая хроніка”