Жодзінскі выканкам адмовіў у правядзенні пікета
Дэмакратычны актывіст Юры Сілкін звярнуўся ў Жодзінскі гарадскі выканкам з просьбай дазволіць правядзенне пікетаў у падтрымку палітычных зняволеных 19 і 25 сакавіка. У правядзенні пікету 19 сакавіка было адмоўлена.
Пікеты планавалася праводзіць на пляцоўцы побач з крамай “Універсам”, самым буйным гандлёвым прадпрыемствам, размешчаным у цэнтры горада. Заяўнік пікетаў Юры Сілкін браў на сябе ўсю адказнасць за забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі падчас акцыі.
Аднак незадоўга да 19 сакавіка дэмактывіст атрымаў ліст ад 12.03.11 №02-03/85, падпісаны першым намеснікам старшыні Жодзінскага гарвыканкама Юрыем Шарым, у якім утрымлівалася адмова ў правядзенні пікета “у сувязі з тым, што пададзеная заяўка не адпавядае патрабаванням арт.5 Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Пры гэтым не ўказана, у чым менавіта заяўка разыходзіцца з патрабаваннямі закона.
Пакуль не атрыманы адказ на заяўку аб правядзенні пікета ў падтрымку палітвязняў 25 сакавіка. Таму яшчэ застаецца слабая надзея на тое, што жодзінцы ўсё ж змогуць прадэманстраваць сваю салідарнасць са змешчанымі пад варту на афіцыйна дазволеным уладамі пікеце.
“Праваабарончая хроніка”