viasna on patreon

За ўдзел у агітацыўных канцэртах "За Беларусь!" Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў званьнямі і ордэнамі шэраг айчынных і замежных эстрадных сьпевакоў

2006 2006-04-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Народнымі артыстамі сталі Аляксандар Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская; удзельніцы "Еўрабачаньня-2005" Анжаліцы Агурбаш прысвоена званьне "Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь". Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны выканаўцы з Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія адзначыліся падчас перадвыбарнай агітацыйнай кампаніі за Лукашэнку. Між тым, паводле закону "Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь", Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца грамадзяне "за значныя посьпехі ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, а таксама за прапаганду культурнай спадчыны беларускага народу".

Адну з вышэйшых беларускіх узнагародаў — Ордэн Францыска Скарыны — атрымалі мастацкая кіраўніца ансамблю "Русская песня" Надзея Бабкіна, вакаліст Марыйскага тэатру опэры і балету Мікалай Баскаў, украінскі сьпявак Мікалай Гнацюк. Ва ўсіх выпадках адзначаны вялікі асабісты ўнёсак гэтых людзей у "захаваньне культурнай спадчыны славянскіх народаў". Апроч таго, Ордэнам Скарыны адзначаныя і беларускія захавальнікі славянскіх традыцыяў — мастацкі кіраўнік Моладзевага тэатру эстрады Васіль Раінчык, дырэктар аркестру эстраднай музыкі Міхаіл Фінберг і мастацкі кіраўнік ансамблю "Сябры" Анатоль Ярмоленка.

Кавалер Ордэну Скарыны акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які ў бытнасьць кіраўніком Нацыянальнай акадэміі навук сам неаднаразова вылучаў на ўзнагароду калегаў-навукоўцаў, так пракаментаваў радыё Свабодзе зьяўленьне новых ардэнаносцаў: "Я ня бачу падставаў, чаму ўзнагароду павінны былі атрымаць Баскаў і Бабкіна. Яны ніколі не займаліся тым, пра што напісана ў вызначэньні Ордэну Скарыны. Магчыма, можна было іх узнагародзіць Ордэнам Дружбы народаў. Але ў нас у краіне ўсё настолькі перамяшана, логікі няма, і тое, што мы колісь зацьвярджалі і павінны былі б тымі нормамі кіравацца, нічога гэтага не адбываецца. Яшчэ раз кажу: проста зьдзіўлены, што пры такім вызначэньні Ордэну Скарыны ён уручаецца людзям, якія нічога не зрабілі дзеля адраджэньня нацыянальнай культуры".

Спадар Вайтовіч кажа: пасьля таго, як падчас апошняга "народнага сходу" Аляксандар Лукашэнка зрабіў адкрыцьцё, што Скарына жыў і ствараў у Санкт-Пецярбургу, такое адзначэньне дзяржаўнымі ўзнагародамі выглядае лагічна.

А беларуска-расейскі кампазітар Эдуард Ханок канстатуе: Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае тых, каго ведае, перадусім, як удзельнікаў "Славянскіх базараў". А агітацыйны твор у выкананьні Анатоля Ярмоленкі "Слушай Батьку" увогуле ёсьць узорам новай дзяржаўнай эстрады: "На сёньняшні дзень гэта, бадай, самая любімая ў народзе музыка. Таму што, калі б гэта была музыка другаплянавая, трэцяплянавая, можа, ён і не ўзнагароджваў бы артыстаў. А што да Бабкінай, Баскава ды іншых, то яны ўсе былі ў яго на "Славянскім базары". Таму цалкам натуральна, што ён з імі знаёмы, і натуральна, што ён іх падтрымлівае. Тут ніякіх няма двайных чытаньняў, усё чыста. І мець прэтэнзіі да прэзыдэнта Беларусі не выпадае: ён жыве ў сваёй краіне і калі ён народ задавальняе, значыць, ён жыве і працуе паводле нейкіх сваіх правілаў".

Указам Аляксандра Лукашэнкі Ордэнам Францыска Скарыны ў розны час былі ўзнагароджаныя замежныя грамадзяне: расейскія палітыкі Барыс Ельцын, Генадзь Селязьнёў і Юры Лужкоў, патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Аляксій ІІ, генэрал службы зьнешняй выведкі Расеі Вячаслаў Трубнікаў, дырэктар Трацякоўскай галерэі Валянцін Радыёнаў, мастак Аляксандар Шылаў, кампазытарка Аляксандра Пахмутава, пісьменьнік Іван Колас, рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Віктар Садаўнічы, навуковец Жарэс Алфёраў, францускі мадэльер П'ер Кардэн ды іншыя. Першым кавалерам Ордэну Францыска Скарыны стаў беларускі мастак Міхаіл Савіцкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства