viasna on patreon

Пракуратура да гэтага часу не можа высветліць, хто зламаў руку Яну Лагвіновічу

2011 2011-03-18T11:12:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lagvinovich-jan.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Маладэчанскі актывіст Ян Лагвіновіч

Маладэчанскі актывіст Ян Лагвіновіч

Ужо тры месяцы прайшло пасля сумнавядомых падзей на Плошчы. Але для многіх людзей «Плошча» да гэтага часу не скончылася. Сярод іх – маладэчанец Ян Лагвіновіч, які падчас разгону мітынга быў жорстка збіты. Да гэтага часу зламаная рука не загаілася, і да гэтага часу пракуратура не дала адказ на заяву Яна аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да тых, хто яго збіў.

- Як усё адбывалася 19-га і як ты апынуўся ў ліку збітых і арыштаваных?

- Я дакладна не быў на Плошчы выпадковым мінаком. Ужо шмат гадоў прымаю ўдзел у грамадска-палітычным жыцці і звычайна прыходжу на падобныя мерапрыемствы, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. 19 снежня, пасля выбараў, таксама прыехаў у Мінск з намерам далучыцца да мірнай маніфестацыі. Запэўніваю, што быў цвярозы, не меў зброі ці выбуховых рэчаў, нікога і нічога не біў, спакойна назіраў за развіццём падзей. Раптам апынуўся ў акружэнні ахоўнікаў правапарадку, якія без папярэджання і тлумачэння прычынаў пачалі збіваць прысутных дубінкамі. Мне дасталася некалькі ўдараў, пры гэтым была разбіта галава і зламана правая рука. Пасля мяне арыштавалі.

- Як адбываўся суд?

- Судзілі на наступны дзень у судзе Першамайскага раёна. Працэс не быў арыгінальным: доўжыўся некалькіх хвілін, у мяне спыталіся толькі, ці прызнаю сваю віну. Аналізуючы папярэднія прысуды, якія былі вынесены ўдзельнікам акцыі,  можна было зрабіць выснову, што тым, хто патрабуе адваката ці не прызнае віну, даюць большыя тэрміны. Таму я згадзіўся і атрымаў 10 сутак.

 - Чаму ты вырашыў звярнуцца ў пракуратуру?

- Таму што разглядаю некаторыя дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў як катаванне і жорсткае абыходжанне. Пры затрыманні на плошчы я не аказваў ніякага супраціву, прымяненне гвалту лічу абсалютна неабгрунтаваным. Пасля арышту першую ноч у ізалятары ўсе затрыманыя правялі ў калідоры тварам да сцяны, рукі за спіной. С пачатку затрымання і да моманту размяшчэння ў камеры, каля 30 гадзінаў, я знаходзіўся без сну, без харчавання і вады. Што гэта, калі не  катаванне? Вінаватыя павінны быць пакараныя.

- Якія, акрамя гэтых выпадкаў, былі адносіны да затрыманых?

- Акрамя фізічнага ўздзеяння, у ахоўнікаў правапарадку маюцца на ўзбраенні і  псіхалагічныя метады: доўгія трыманні ў аўтазаку – у цеснай замкнутай прасторы, без магчымасці схадзіць у прыбіральню, запужванні – маўляў, зараз усіх вывезем і закапаем і г.д. Псіхалагічны ціск часам больш невыносны за боль. Хачу таксама адзначыць, што своеасаблівае катаванне з боку дзяржаўных ворганаў адбывалася і ў адносінах да родных і блізкіх тых, хто быў арыштаваны пасля падзеяў на Плошчы. Напрыклад, з моманту майго арышту двое сутак мае блізкія не маглі дакладна даведацца пра мой стан і месцазнаходжанне. Абтэлефанаваўшы ўсе інстанцыі, дзе нічога не паведамлялі ці не здымалі трубкі, жонка паехала ў Мінск на Акрэсціна, дзе знайшла маё прозвішча ў спісах. Пад ізалятарам на Акрэсціна, каля зачыненых дзвярэй, на марозе стаяла чарга з перадачамі для арыштаваны. Многія былі проста ў разгубленасці, бо не ведалі нічога: ні графіка прыёма перадачаў, ні спісу дазволеных для перадачы рэчаў, ні стану і ўмоваў утрымання сваіх блізкіх.

- Ці адчувалася падтрымка з боку якіх-небудзь арганізацый?

- Сваякі кажуць, што проста бескаштоўнай была дапамога арганізацый, якія наладжвалі перадачы арыштаваным. Таксама не менш важнай была інфармацыйная падтрымка: размяшчэнне ў інтэрнеце звестак пра затрыманых, кансультацыі з праваабаронцамі і г.д. Пасля вызвалення я таксама не застаўся як без матэрыяльнай, так і юрыдычнай падтрымкі. 

- Што чуваць зараз па тваім звароце ў пракуратуру?

- Скаргу ў пракуратуру Маскоўскага раёна з просьбай распачаць крымінальную справу па факце катаванняў і жорсткага абыходжання я падаваў у студзені. Прасіў тэрмінова правесці поўнае і ўсебаковае расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. 31 студзеня атрымаў паведамленне, што следчым аддзелам пракуратуры праводзіцца праверка аб нанясенні мне цялесных пашкоджанняў, тэрмін правядзення праверкі падоўжаны да 20 лютага. Але да гэтага часу пракуратура не паведаміла, ці была ўзбуджана крымінальная справа. Згодна з міжнароднымі стандартамі, адным з асноўных прынцыпаў аб’ектыўнага расследавання выпадкаў катавання і жорстага абыходжання з’яўляецца хуткае ўзбуджэнне крымінальнай справы. Да таго ж у даным выпадку не выконваюцца тэрміны, прадуглежданыя КПК Рэспублікі Беларусь. Таму з дапамогай праваабаронцаў я падрыхтаваў чарговую скаргу, ў пракуратуру г. Мінска аб зацягванні тэрмінаў па ўзбуджэнні крымінальнай справы.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства