viasna on patreon

Упраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму падтрымала дыскрымінацыйны падыход суддзі

2011 2011-03-16T17:48:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vysh_gasp_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскі актывіст аргкамітэту па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі за апошнія 4 гады больш за 20 разоў прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці — буйных штрафаў і арыштаў. У большасці адміністратыўных спраў Жукоўскага суддзей на яго працэсах была суддзя Цэнтральнага суда Гомеля Марына Домненка. Практычна на ўсіх судах малады чалавек патрабаваў, каб працэс праходзіў на беларускай, роднай яму мове, таму суддзя некалькі разоў выклікала на працэсы перакладчыка.

31 снежня 2011 года актывіста прыцягнулі да адказнасці за тое, што нібыта падчас выбарчай кампаніі ён клеіў ўлеткі ў забароненым для гэтых мэтаў месцы. Доказам вінаватасці Жукоўскага быў ліст у міліцыю з КДБ, да якога быў прыкладзены дыск з відэазапісам таго, як і дзе актывіст распаўсюджваў ўлеткі. Адміністратыўную справу разглядала ўсе тая ж Марына Домненка. Але гэтым разам суддзя адмовілася выклікаць перакладчыка, а за парушэнне артыкула 9.10 КаАП пакарала Жукоўскага чарговым штрафам.

Актывіст накіраваў скаргу ў Міністэрства юстыцыі на дзеянні суддзі. Ён звяртаў увагу, што судовы працэс прайшоў з парушэннямі заканадаўства: яму адмовілі ў перакладчыку, тым самым парушылі Канстытуцыю і абразілі яго нацыянальную годнасць, а таксама на судзе адсутнічалі доказы вінаватасці — не было ні сведкаў, ні дыска з відэазапісам, які фігураваў у матэрыялах справы. Больш таго — КДБ наўпрост прызнаўся, што падчас выбарчай кампаніі за Жукоўскім сачылі. «Гэта быў палітычны сыск, і КДБ гэтага не хавае», - падкрэслівае актывіст.

Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму разгледзела скаргу Жукоўскага і дало адказ, што «устаноўленае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь агульнае правіла аб дзвюх дзяржаўных мовах (беларускай і рускай) распаўсюджваецца і на судаводства». «Адміністратыўны працэс вядзецца на рускай або беларускай мовах, у адпаведнасці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам. Такім чынам, вядзенне суддзей судовага паседжання на рускай мове не супярэчыць дзеючаму заканадаўству», - пішацца з адказе з ўпраўлення юстыцыі.

Таксама ўпраўленне юстыцыі паведаміла, што пастанова суда Цэнтральнага раёна прызнана законнай і абгрунтаванай.

«Гэта чарговая адпіска, іншага я і не чакаў. Я пісаў скаргу, бо збіраю архіў па парушэннях маіх правоў. Прыйдзе час - будзе шмат працы. Канстытуцыя дазваляе мне карыстаццца роднай мове, і ніхто не павінен, згодна з Канстытуцыяй, чыніць у гэтым перашкоды, а прадстаўнікі ўладаў не зважаюць на Канстытуцыю», - пракаментаваў Жукоўскі.

Цікава, што ў 2007 годзе жыхару Гомеля Сяргею Сямёнаву ўдалося адстаяць сваё права на карыстанне роднай мовай. Восенню 2007 года старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала адмяніў пастанову Цэнтральнага суда Гомеля (дарэчы, судзіла Сямёнава ўсе тая ж Марына Домненка) аб прыцягненні гамяльчука да адказнасці за адмову запоўніць мытную дэкларацыю на рускай мове. На беларуска-украінскай мяжы Сямёнаў запатрабаваў, каб яму далі бланк на беларускай мове для запаўнення мытнай дэкларацыі. Супрацоўнікі мытні бланк такі не прадставілі, і склалі пратакол на гамельчука за як быццам супраціўленне мытнікам. Суддзя Марына Домненка палічыла Сямёнава вінаватым і пакарала буйным штрафам. Гамяльчук абскардзіў пастанову суда, і старшыня Вярхоўнага суда адмяніў рашэнне раённага суда, палічыўшы, што Сямёнаў меў рацыю.

“Праваабарончая хроніка”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства