Ацэнкі беларускіх праваабаронцаў прагучалі падчас прэзентацыі дакладу Human Rights Watch па Беларусі (+ даклад)
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch уключыла факты пераследу Праваабарончага цэнтру “Вясна” пасля снежаньскіх падзеяў у свой даклад “Няздзейсненыя надзеі: рэпрэсіі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў-2010”, апублікаваны 12 сакавіка. Расійскі офіс Human Rights Watch прэзентаваў даклад 14 сакавіка у Маскве, куды быў запрошаны кіраўнік “Вясны”. Падчас прэзентацыі Алесь Бяляцкі прадставіў сваю ацэнку сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за апошнія некалькі месяцаў.
Беларускія праваабаронцы дапамагалі ў правядзенні даследванняў экспертам Human Rights Watch, якія працавалі ў Менску ў лютым бягучага году. Інфармацыя, прадстаўленая міжнародным даследчыкам, утрымлівала і факты рэспрэсіяў у дачыненні да саміх беларускіх праваабаронцаў. Гэтыя звесткі ўвайшлі ў даклад.
У раздзеле “Ціск на грамадзянскую супольнасць” зафіксаваны факты ганенняў на грамадзянскія групы. У тым ліку ператрус з канфіскацыяй тэхнікі , затрыманнем супрацоўнікаў і паўторны напад праваахоўнікаў на офіс ПЦ “Вясна” 20 снежня, студзеньскія ператрусы цэнтральнага і пяці рэгіянальных офісаў арганізацыі. Таксама ў дакладзе зафіксавана папярэджанне Алесю Бяляцкаму за дзейнасць ад імя незарэгіcтраванай арганізацыі, вынесенае Генпракуратурай у мінулым месяцы.
У сваіх рэкамендацыях Human Rights Watch патрабуе ад беларускіх ўладаў у тым ліку і спынення ціску на грамадзянскую супольнасць краіны.
«Цягам больш дзесяці гадоў беларускія ўлады паслядоўна ўзмацнялі ціск на грамадзянскую супольнасць, - зазначыла дырэктар расійскага офіса Human Rights Watch Ганна Севарцьян на прэзентацыі даклада. - Хваля рэпрэсій, якая пачалася ў краіне пасля снежаньскіх выбараў, стварыла крызісную сітуацыю з правамі чалавека, якая патрабуе рашучага рэагавання з боку ААН».
Human Rights Watch і яшчэ 130 міжнародных і нацыянальных няўрадавых арганізацый і актывістаў заклікалі Савет ААН па правах чалавека выступіць з жорсткімі патрабаваннямі на адрас беларускіх уладаў.