viasna on patreon

“Самы першы ўдар быў страшны – нагамі ў твар...”

2011 2011-03-16T11:57:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrzbityjaviazni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Параненыя на Плошчы вязні Акрэсціна

Параненыя на Плошчы вязні Акрэсціна

Жыхар Воршы Сяргей Малалеткін – адзін з пацярпелых падчас разгону Плошчы-2010. На плошчы яму выбілі зубы, зламалі руку, нанеслі іншыя цялесныя пашкоджанні. Ягоны расповяд – гэта сведчанні чалавека, які прыйшоў на мірную акцыю, каб проста выказаць свае погляды.

Сяргей не займаецца палітыкай, ён піша кнігі. На акцыі ён не біў шкло і не чапаў міліцыянтаў, а ў руках трымаў толькі маленькі самаробны плакацік, што заклікаў палепшыць стасункі з краінамі Захаду дзеля дапамогі хворым беларускім дзецям.

-- Я быў на плошчы з самага пачатку. З Рымашэўскім ішоў ад вакзала, прыйшоў на Кастрычніцкую, і ад Кастрычніцкай ішоў на плошчу Незалежнасці – з усімі. Чаму выйшаў на плошчу? Палітыкай я даўно не займаўся. Але старыя аргументы яшчэ ляжалі на сэрцы ў мяне: што з Захадам мы лаемся замест таго, каб супрацоўнічаць. З-за гэтага паміраюць цяжка хворыя дзеці. Я напісаў плакацік: паміраюць дзеці, дзеля Хрыста, прыбярэм камень з дарогі заходніх урачоў да нашых дзяцей! З гэтым плакатам я і пайшоў.

Калі пачаўся разгон акцыі, АМАП адціснуў усіх на плошчы Незалежнасці да праспекту. Людзей пагналі клінам, і я пайшоў у разрыў, які ўтварыўся ў ланцугу АМАПу, у бок Дома ўраду. За мной людзі зноў туды пайшлі. А перад намі апынуўся шэраг армейскага спецназу. Гэта былі салдаты. Я падышоў да іх, гэты плакацік разгарнуў – абразок Мікалая Цудатворца на ім быў нашыты, і на дзіцячай покрыўцы я напісаў словы пра хворых дзяцей і заходніх урачоў. З такім плакатам я і стаў перад гэтым спецназам. Ніхто не казаў, каб мы разыходзіліся, не прасілі прыбраць плакат. Спецназаўцы  пачалі крычаць на мяне абразы. Я падышоў да іх бліжэй, папрасіў не абражаць мяне, і мы перакінуліся парай словаў. І ў гэты час на мяне паказала нечая рука, і прагучала: «Гэтага!» Каманда была такая. І мяне па той камандзе зацягнулі за шчыты. Схапілі і туды, унутр шэрагу, зацягнулі. І адразу пачалі біць. Самы першы ўдар быў самым страшным – ляжачаму далі нагой у твар. Павалілі на зямлю і пачалі біць. Чалавек пяць білі дубінкамі і нагамі.

Ад першага, самага страшнага ўдару ў мяне чатыры зубы проста з косткай ляглі на язык. Гэтак нагой ўдарылі ў твар. Як сталі малаціць дубінкамі і нагамі – думаў, заб'юць. Гэтак удараў дваццаць, напэўна, нанеслі. Ужо і нагамі пад машыну загналі – так білі мяне. Пад спецтранспарт гэты закацілі нагамі. Потым мяне адтуль выкацілі і проста поцягам да аўтазака зацягнулі – і закінулі ў яго. Гэта вялікі, вайсковы такі аўтазак. Я лёг на падлогу, потам сыходжу – паўгадзіны проста ляжаў на падлозе. Мяне закінулі, і я лёг, бо не мог ісці альбо стаяць. Рука зламаная, вывіхнута левая рука... Проста ляжаў на падлозе.
Машына была літаральна забіта затрыманымі. Моладзь побач нейкая... У гэтай поўнай машыне я быў апошні. Ужо ўсё было ўпакавана, я апошні вярнуўся на тое месца...

Пытанне пра медыцынскую дапамогу ўзнікла ўжо на Акрэсціна. А ў транспарце я ляжаў проста. Ляжаў на падлозе, потым мне вызвалілі месца, і я абапіраўся на плячо нейкага хлопца маладога. Не мог паварушыцца. Калі нас прывезлі ў Акрэсціна, пашыхтавалі ўсіх на калідоры. І мяне таксама, хоць мне было нядобра. Побач са мною нейкі хлопец стаяў, падобны на карэспандэнта. Я не ведаю, што гэта за чалавек, не памятаю. Ён сказаў, што мне трэба звярнуцца да лекара, і сам да мяне міліцыянта паклікаў. «Вось тут, -- кажа, -- чалавек моцна зьбіты, яму патрэбна дапамога». Тады мяне адвялі да збітых. І потым увесь час мы былі асобна. Я сфатаграфаваў гэта...

Адабралі нас, параненых, і прыехала «Хуткая». Там шмат «Хуткіх» было, яны ўвесь час прыязджалі – і ў нейкі будынак побач таксама. Нас, моцна зьбітых, было чалавек 10-12. Урачы прыехалі, паглядзелі і сказалі, што павязуць у бальніцу. Потым нас павезьлі, здаецца, у інстытут траўматалогіі. Але куды вазілі, дакладна не ведаю, бо не відаць нічога было, усё ж зачынена. У шпіталі зрабілі ўсім здымкі, мне таксама зрабілі здымак плечавога сустава. «Тут, -- кажуць, -- няма пераломаў». Я здзівіўся, як гэта няма, бо ў мяне было 11 пераломаў, і я ведаю, што такое касцёвы боль, ды і рука такая апухлая была...
Я кажу ўрачам: «Вы мне вось тут акажыце дапамогу. Косткі ў мяне зрастуцца і так, а тут у мяне адкрытая рана. І зубы яшчэ...». Не, не аказалі дапамогі. Не зашывалі нічога... Наогул нічога! Нават антысептыкам не апрацавалі. У мяне пачаліся дрыжыкі, тэмпература. Ці гэта бальніца хуткай дапамогі была, ці ўсё ж інстытут траўматалогіі? Не ведаю...
Далей урачы мне перабінтавалі, зафіксавалі руку, і ўсё, міліцыя мяне назад павезла на Акрэсціна. Я ім кажу: “У мяне адкрытая рана ў вобласці галавы, вы акажыце мне на гэтай падставе дапамогу!” -- «Гэта не наш профіль, гэта вязіце ў іншае месца...». Ніхто мяне нікуды не павёз. У мяне ўжо пачалася тэмпература, стала зусім кепска. Я на судзе сказаў, што мне патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога. “Дайце мне штраф, я не пайду на суткі. Тэмпература, ліхаманіць усяго, сіні ўвесь”. І мне далі штраф у 30 мінімальных заробкаў...
Потым я звяртаўся па медыцынскую дапамогу ў іншую бальніцу. У аўтазаку зубы пальцам прыклаў і паставіў на месца. Думаў нават, што яны прыжывуцца. Але тэмпература была такая, што я наогул хадзіць не мог! 19-га снежня мяне збілі, а толькі 4-га студзеня я змог у лякарню выехаць. Паказаў хірургу, хірург кажа: «Гэта нічога не прыжывецца. Гэта трэба выдаляць". І тады мне выдаляюць 4 зуба, разразаюць скальпелем – і яшчэ два кавалкі косткі...  Накладваюць два швы... Тры тыдні я там лячыўся. У астатні час не мог наогул хадзіць -- проста ляжаў.  Па ўсім целе сінякі былі, гематомы. Але ў бальніцы я не ляжаў, я паехаў у стаматалагічную клініку, а ляжаў дома.

Мяне апытвалі работнікі міліцыі. Тэлефануюць мне з Менску спачатку, на мабільны тэлефон (я сам з Воршы). «Вы атрымалі цялесныя пашкоджанні. Падыдзіце да нас». Я патлумачыў, што ляжу, куды мне ў такім стане хадзіць? Сказаў, што нікуды не пайду. Прапанавалі прыйсці ў міліцыю ў Оршы. Я  адмовіўся, бо кепска пачуваўся. «Добра, нашы работнікі да вас прыедуць». Прыехалі нашыя міліцыянты, аршанцы. Я кажу: «Вось, вы ўбачылі, як мяне дома. Я пісьменнік». Ім самім цікава было на мяне зірнуць. Я распавёў усё, як было: і як плакацік напісаў, і як трапіў на плошчу, і як мяне зьбівалі. Супрацоўнікі міліцыі ўсё гэта запісалі. Але заяву ў міліцыю я не стаў пісаць, папрасіў расследаваць усё па факце. Які вынік таго расследавання, не ведаю. Ніякіх пісьмовых адказаў я не атрымліваў, і нават пастановы з суда не даслалі. Адзінае, што я ведаю –  суседзі прыходзілі, дык казалі, што па пад'ездзе ходзяць, пытаюцца пра мяне, цікавяцца, хто я такі. І ўчастковы прыходзіў, і нехта іншы...На судзе ў мяне пыталіся, ці крычаў я «Жыве Беларусь!». Я адказаў, што так. І ў мяне ў пратаколе напісана было, што я на плошчы крычаў гэта лозунг. Проста «страшная» справа... Вельмі небяспечнае злачынства – у Беларусі крычаць «Жыве Беларусь!»...


 

Выбітыя спецназам зубы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства