Зміцер Салаўёў абскарджвае парушэнні, дапушчаныя падчас вобыска ў ягонай кватэры
Лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў патрабуе ад суду прызнаць доказы, атрыманыя падчас ператрусу ў ягонай кватэры, незаконнымі, забарніць іх выкарыстоўваць падчас следства і вярнуць іх гаспадару. З гэтай нагоды ён сёння, 15 сакавіка, падаў скаргу ў Ленінскі раённы суд г. Магілёва.
“Падчас ператрусу, які адбывўся ў маёй кватэры 15 студзеня 2011 года, не была выканана працэдура, якая прадугледжваецца Крымінальна-працэсуальным Кодэксам Рэспублікі Беларусь, а менавіта: не былі ўпісаны ў пратакол ператрусу прозвішчы ўсіх следчых, якія праводзілі гэты ператрус, а таксама было забаронена запрашаць дадаковых панятых. Мы патрабавалі гэтага, бо колькасць следчых не супадала з колькасцю панятых, і гэта не давала магчымасці панятым бачыць тыя дзеянні, якія праводзілі следчыя падчас ператрусу. Гэта вылілася ў тое, што адзін са следчых знаходзіўся побач з уключаным кампутарам, які быў пазней канфіскаваны. Магчыма, што гэты следчы мог невядома што ўвесці ў гэты кампутар, а потым гэта магло выкарыстоўвацца на судах над удзельнікамі плошчы”, - гаворыць Зміцер Салаўёў.
Зміцер адзначае, што ў яго падчас ператрусу канфіскавалі кампутар, відэакамеру, флэшку і два бел-чырвона-белыя сцягі, якія яму не вернуты да гэтага часу.
Трэба адзачыць, што пракуратура г.Мінска часткова прызнала парушэнні, якія былі дапушчаны падчас ператрусу, аднак палічыла іх неістотнымі.
Праваабронца Барыс Бухель лічыць, што кожнае незаконнае дзеянне супрацоўнікаў міліцыі мусіць быць абскарджана.
“Крымінальная справа ў дачыненні да ўдзельнікаў “Плошчы” ўзбуджана неабгрунтавана, і таму нельга даваць магчымасці выкарыстоўваць незаконна дабытую інфармацыю супраць гэтых актывістаў”, - гаворыць Барыс Бухель.
"Праваабарончая хроніка"