viasna on patreon

Скаргі апазіцыянераў на УКДБ Магілёўскай вобласці суд разгледзіць 21 сакавіка

2011 2011-03-15T13:06:41+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kgbrb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 сакавіка 2011 года суд Ленінскага раёна г.Магілёва разгледзіць скаргі актывіста ГА БНФ “Адраджэньне” Зміцера Салаўёва і актывісткі аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Таццяны Шамбалавай на Магілёўскае ўпраўленне КДБ.
Магілёўскія актывісты будуць абскарджваць пастаноўку іх на ўлік у КДБ і вынясенне ім пісьмовых папярэджванняў.
“Гэтых актывістаў магілёўскае КДБ паставіла на ўлік з-за таго, што яны прымалі ўдзел у мітынгу пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 года, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель, - а таксама за тое, што Таццяна Шамбалава дзейнічае ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а Зміцер Салаўёў неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія, на думку супрацоўнікаў КДБ, маглі прывесці да масавых беспарадкаў”.
Барыс Бухель адзначае, што пастаноўка актывістаў на ўлік у КДБ надае дадзенай структуры законнае права кантраляваць іх і сачыць за імі.
“Іх паставілі на ўлік незаконна, - гаворыць праваабаронца, - Па такіх артыкулах гэта можа рабіць альбо міліцыя, альбо пракуратара, і то пры наяўнасці пэўных умоваў, якіх па- просту няма. КДБ не надзелена такімі паўнамоцтвамі. Роўна год назад у такой сітуацыі аказаўся магілёўскі актывіст Мікола Расюк. Тады пастаноўка на ўлік у КДБ была абскарджана ў пракуратуры і апошняя адмяніла рашэнне КДБ, але гэтая справа Магілёўскае УКДБ нічаму не навучыла”.
Праваабаронца спадзяецца на выйграш дадзеных спраў і падкрэслевае, што судзіцца з КДБ не страшна і гэта павінны бачыць звычайныя людзі, што і на гэтую страшную структуру можна знайсці ўправу.
Нагадаем, што суды адбудуцца 21 сакавіка ў 14-00 у судзе Ленінскага раёна г. Магілёва. Скаргу актывісткі Таццяны Шамбалавай будзе разглядаць суддзя Трапыніна, а актывіста Зміцера Салаўёва суддзя Юрчанка. На думку Барыса Бухеля суды прызначаны ў адзін час, каб перашкодзіць праваабаронцам прысутнічаць адначасова на кожным з іх.

"Праваабарончая хроніка"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства