8 красавіка ў Брэсьце маладзёвыя актывісты правялі дзьве флэш-моб акцыі, адна прысьвечаная інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі, другая - сітуацыі з патрабаваньнем Расеі прадаць "Белтрансгаз"
Як паведаміла прэс-служба на dzedzich.org, у дзень iнаўгурацыi Лукашэнкi, у Берасцi адбылося два флэшмобы.
А 12-й гадзiне над цэнтральным уваходам на крыты рынак на Пушкiнскай моладзь вывесiла партрэт Лукашэнкi, да якога адначасова з розных бакоў пачалi збiрацца людзi з будзiльнiкамi. Пад звон будзiльнiкаў людзi крычалi: "Ужо дванаццаць!!! Годзе! Сыходзь! Час выйшаў". Калi партрэт здымалi i клалi ў чорны пакет для смецця, у далонi пляцкалi ня толькi некалькi дзясяткаў удзельнiкаў флэшмобу, але i многiя мiнакi.
Праз гадзiну 20 чалавек пранеслi па цэнтральных вулiцах Савецкай i Пушкiнскай на плячах вялiзную самаробную трубу з паперы (даўжынёю ў 10 мэтраў), на якой было напiсана "Белтрансгаз" i, на адваротным баку "Не аддамо". Ля расейскага кансуляту моладзь "падражнiла" расейцаў трубою, але не пакiнула iм "Белтрансгаз". Мiлiцыя затрымала толькi фатографа, засьвяцiла фотастужку з яго здымача i адпусцiла хлопца праз паўгадзiны.