Адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму аштрафавала грамадзкага актывіста Эдуарда Брокарава на адну базавую велічыню (31000 рублеў) «за распаўсюд друкаванай прадукцыі, выдадзенай з парушэньнямі заканадаўства»
Як паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА, позва была дасланая былому кіраўніку раённага штабу А. Мілінкевіча за дзень да паседжаньня, калі ён, пасьля разгрому намётавага гарадку, знаходзіўся ў Менску пад арыштам. Эдуард Брокараў лічыць, што ніякага парушэньня з ягонага боку няма, бо, па-першае, сам факт распаўсюду адсутнічаў і дакумэнтальна нідзе не зафіксаваны, а па-другое, усе сканфіскаваныя ў яго з гаража друкаваныя выданьні маюць альбо наклад да 300 асобнікаў, альбо поўныя выходныя дадзеныя, што адпавядае патрабаваньням Закону аб друку. На ягоную думку, разумеюць гэта і самі сябры камісіі, якія вынесьлі хутчэй фармальнае пакараньне «для справаздачы». У бліжэйшыя дні актывіст мае намер падаць у мясцовую пракуратуру скаргу з патрабаваньнем адмяніць пакараньне.