З нагоды праекта закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” пададзены калектыўны Зварот
9 сакавіка ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў Савет міністраў перададзены калектыўны зварот па праекце Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях”. Зварот падпісалі 110 некамерцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-прававых формаў і накірункаў дзейнасці, якія аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 270 тысяч членаў. Гэта самая маштабная акцыя лабіравання агульных інтарэсаў з боку беларускіх арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.
Калектыўны зварот быў ініцыяваны спецыялістамі Цэнтра прававой трансфрамацыі і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў на падставе меркаванняў некамерцыйных арганізацыяў, інтарэсы якіх закранае новы законапраект. З улікам заключэнняў з боку айчынных і замежных экспертаў арганізацыі грамадзянскай супольнасці краіны выпрацавалі ўзгоднены супольны падыход да зместу праекта новага закона.
Акцыя па падпісанні зварота стала самай маштабнай спробай супольнага адстойвання інтарэсаў айчынных няўрадавых арганізацыяў у справе заканатворчасці. 110 юрыдычных асобаў, што далучыліся да дакумента, прадстаўляюць беларускую грамадзянскую супольнасць у яе разнастайных праяўленнях – ад дабрачынных фондаў і экалагічных установаў да сацыяльных, праваабарончых, маладзёвых і жаночых і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Да акцыі таксама далучыліся аб’яднанні прадпрымальнікаў и і іншыя асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі, партыі і прафсаюзы.
Суб’екты, што падтрымалі калектыўны зварот, прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі. Яны аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах больш за 270 тысяч членаў. Такім чынам, гэтая ініцыятыва стала найбольш маштабнай спробай адстойваньня інтарэсаў структураў грамадзянскай супольнасьці ў сферы законатворчасці.
Ініцыятары калектыўнага зварота разлічваюць, што ў выпадку прыняцця закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” у ім будзе ўлічаная заяўленая ў калектыўным звароце агульная пазыцыя суб’ектаў, на якіх будзе распаўсюджвацца яго дзеянне. У далейшым для паўнавартаснага прыцягнення грамадскасці да працы па абмеркаванні і ўдасканаленні праекта закона аўтары калектыўнага зварота прапануюць арганізаваць адкрытыя для ўсіх зацікаўленых арганізацыяў мерапрыемствы па яго абмеркаванні, у тым ліку правесці перад першым чытаннем парламенцкія слуханні па праблеме прававога рэгулявання некамерцыйных арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь.
З тэкстам калектыўнага зварота ў парламент і ўрад па праекце Закона “Аб некамерцыйных арганізацыях” можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі: http://lawtrend.org/ru/data/650/